Як дэвальвацыя будзе суіснаваць з дэдалярызацыяй?



“Казаць пра дэдалярызацыю ва ўмовах дэвальвацыі і росту інфляцыі – размова ні пра што”, – мяркуе эканаміст Барыс Жаліба.

Барыс Жаліба

Чыноўнікі заяўляюць, што трэба адвучыць беларусаў “думаць валютай”, а, тым часам, дэдаляразацыя арэндных ставак у Беларусі не прадбачыцца.

Барыс Жаліба: Каб рабіць дэдалярызацыю, трэба ўмацоўваць нацыянальную валюту – беларускі рубель. Неабходна імкнуцца гадавую інфляцыю зрабіць у межах 10 адсоткаў, а ў нас гэта не атрымоўваецца. Апошні раз інфляцыя ў краіне была ніжэй за 10 адсоткаў, здаецца, у 2006-2007 гадах. З таго часу яна ў нас двухзначная і з праваламі – як у 2011 годзе. І трэба зводзіць да мінімума дэвальвацыю, якая са снежня ўслед за расейскім рублём дасягнула амаль 50 адсоткаў. Вось тады будзе давер да нацыянальнай валюты, і тады народ яе будзе паважаць. А, калі гэтага няма, то ўсе заклікі адмовіцца ад даляраў ідуць у нікуды.

РР: З пачатку году інфляцыя склала ўжо больш за 4 адсоткі. Якія прагнозы з гэтай нагоды?

Барыс Жаліба: Калі працягнецца гэты ж трэнд, то напрыканцы году ізноў будзем мець 20 адсоткаў, як Нацбанк і плануе. Таму я абсалютна не разумею тых, хто заклікае праводзіць дэдалярызацыю. Тыя ж арэндныя стаўкі, нават калі іх зрабіць у беларускіх рублях, будуць усё роўна падвышацца ў прывязцы да валюты ці інфляцыі. Гэта тэхнічнае пытанне. Ды і наогул, калі паглядзець у глабальным сэнсе, у нас масштабы коштаў знаходзяцца ў жудасным стане. Замежнікі, якія прыязджаюць у Беларусь, ужо не арыентуюцца ў мноствах нулёў, мільёнах… Нацбанку праз дэнамінацыю трэба прыбраць гэтыя нулі, але ж інфляцыя не дазваляе гэтага зрабіць. Дык прыціснуць інфляцыю можа наогул не ўдасца ў бліжэйшай будучыні. А мы жывем у гэтых нулях, якія ўжо ў камп’ютар не змяшчаюцца. Я думаю, трэба нешта рабіць радыкальнае з беларускім рублём, а то хутка мільярдэрамі станем.

РР: Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Валерый Барадзеня заявіў не так даўно, што “нармальная рэакцыя людзей – арыентавацца не на замежную валюту, а на сваю”. Маўляў: мы больш давяраем амерыканскай эканоміцы, чым сваёй…

Барыс Жаліба: Валюта – гэта актыў, які захоўвае ліквіднасць у найбольшай ступені. Інфляцыя таго ж даляра – максімум 1-2 адсоткі ў год. Людзі ў нас сталі фінансава граматнымі, таму нічога незвычайнага ў тым, што яны больш арыентуюцца на замежную валюту, няма. Гэта і ёсць нармальная рэакцыя адэкватнага чалавека. 80 адсоткаў тэрміновых дэпазітаў беларусаў – валюта. А тыя, хто прапагандуе адваротнае, няхай захоўваюць свае зберажэнні ў рублях – ніхто іх адгаворваць не будзе.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя