Павел Кірылёнак: У Гішпаніі ёсць разуменне, што расейскага агрэсара трэба спыніць



Як у Гішпаніі ставяцца да беларусаў і ўкраінцаў? Распавёў беларус Павел Кірылёнак, які жыве ўжо доўгі час у Барселоне. А таксама пра палітычныя сілы Гішпаніі, пра скандал з удзелам прэзідэнта гішпанскай футбольнай федэрацыі

РР: Павел, ты пішаш у сацыяльных сетках, што ты каталонец па перакананнях. А калі ты размаўляеш з каталонцамі, калі ў цябе пытаюцца, што такое Беларусь. Даводзіцца гэта тлумачыць, паказваць на мапе? Ці ўсё-такі нейкія веды са школы ёсць у мясцовых жыхароў?

– У большасці ёсць разуменне, што гэта асобная краіна. Што яна месціцца дзесьці паміж Расеяй і Польшчай. Такія базавыя рэчы яны разумеюць. Дапамаглі ў гэтым разуменні такія рэчы як Чарнобыльская праграма 1990-х і нашыя пратэсты 2020-га. Таму базавае разуменне ёсць, але без дэталяў.

РР: Як у Барселоне з „украінскім пытаннем”? Бачыў, што ў Барселоне выходзілі людзі з георгіеўскімі стужкамі, але таксама мясцовыя дапамагалі ўкраінцам. Як у Барселоне ўсё гэта сумяшчаецца?

– Гэта ўсё варыцца як нейкі суп, у якім вельмі шмат інгрэдыентаў. Украіна цяпер прыцягвае нашмат больш увагі, таму што яна не знікла з навінаў, яна застаецца ў навінавым полі ўжо больш за паўтары гады. У кожным выпуску навінаў абавязкова пра Украіну нешта будзе сказана. Другое – гэта тое, што вельмі шмат уцекачоў прыехала з Украіны. Я думаю, што ў Барселоне можна казаць нават пра 100000 чалавек. Гэта шмат, гэта агромністая колькасць людзей, якія тут жывуць. Гэта канешне падвышае цікавасць да краіны і гэтых людзей. Адносіны гішпанцаў неадназначныя. Гішпанцы цяпер у асноўнай масе вельмі пацыфістычна ставяцца да ўсяго. Яны супраць любой вайны. Калі была вайна ў Іраку, то літаральна на кожным балконе ў Барселоне вісеў антываенны транспарант. Цяпер яны таксама займаюць антываенную пазіцыю. У тым духу як казаў Зяленскі – «трэба проста перастаць страляць, і ўсё, вайна скончыцца». Але на шчасце большасць разумее, што вайны так не скончыць. Калі адбылася агрэсія, агрэсара трэба спыніць. Але гэтую пазіцыю прабуюць расхістаць – бо ёсць нейкія неадэкватныя левыя і правыя партыі. Вялікія партыі – за падтрымку Украіны. Маргінальныя – супраць, і спрабуюць расхістаць пазіцыю на карысць расейскіх антыукраінскіх тэзісаў – маўляў там фашысты і нацысты.

Цалкам размову слухайце ніжэй:

Беларускае Радыё Рацыя