Як прайшоў Дзень палітвязня ў Беларусі?
У Дзень палітвязня ў цэнтры Вільні выставілі 150 сумак у знак напамінку аб палітвязнях у Беларусі. У Варшаве палітзняволеных праз сваякоў уганаравалі Медалямі Ордэна Пагоні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.
Пра тое, як прайшоў гэты дзень у Беларусі, распавёў муж палітзняволенай Кацярыны Андрэевай, журналіст Ігар Ільяш:
– Абсалютна ціхі дзень, які ніяк не адрозніваўся ад астатніх. Натуральна, ва ўмовах рэпрэсій адзначыць, каб было бачна, немагчыма. Я бачыў па сацсетках, што нейкія партызанскія падпольныя акцыі салідарнасці праводзіліся, і фатаграфаваліся некаторыя са сцягамі, з плакатамі. Але гэта падпольны абсалютна фармат, і прычым нешматлікі. Мы ведаем, што нават у такім фармаце ананімнага здымка са сцягам ці з плакатам, гэтага дастаткова для пераследу ў Беларусі.
На 21 траўня 2023 года ў Беларусі налічваецца 1 525 палітзняволеных, кожны 10-ы з якіх — гэта жанчына. Усе яны ўтрымліваюцца ў неспрыяльных умовах, дзясяткі чалавек знаходзяцца ў зняволенні з сур’ёзнымі захворваннямі.
Беларускае Радыё Рацыя