Яўген Калбовіч: Віцебск – гэта горад віленскага барока



З пункту гледжання архітэктара-рэстаўратара Яўгена Калбовіча, у Віцебску абавязкова аднавіць архітэктурны ансамбль, у складзе якога бракуе зараз касцёла святога Антонія.

Увогуле часы віленскага барока ўзбагацілі горад на цэлы шэраг культавых і грамадскіх пабудоваў, і ў Беларусі бадай што няма іншага гораду, дзе на невялікай плошчы гістарычнага цэнтру размяшчалася такая вялікая колькасць будынкаў, кожны з якіх мог бы лічыцца помнікам гісторыі і культуры. Але ў 1950-я гады пацярпелыя ад бамбёжак храмы не аднаўлялі, а зносілі, як і гарадскую забудову, якую лічылі старасвецкай і несучаснай:

– Я прыехаў у Віцебск у 1983-м годзе, пайшоў на працу ў “Віцебскграмадзянпраект”, і ён знаходзіўся на адным з віцебскіх узгоркаў на вуліцы Гогаля. Адзін мой калега паказаў мне, якім быў гэты горад раней. У мяне захапіла дых ад прыгажосці, і ў галаве білася толькі адна думка: “Як такую прыгажосць можна было знішчыць?” Мы вырашылі марыць пра яе аднаўленне. І не толькі марылі, але і працавалі дзеля адбудовы помнікаў архітэктуры – Успенскага сабору, царквы Дабравешчання, Уваскрасенскай царквы. Неўзабаве насупраць яе мусіць паўстаць адноўлены касцёл святога Антонія. А на Плошчы Свабоды, я веру, некалі будзе адбудаваны Мікалаеўскі сабор!

Паводле Яўгена Калбовіча, віцебскія храмы ніколі не былі аднатонна белымі. Белы колер прыйшоў з Расеі, як адзнака найбольш таннага матэрыялу,  звычайнай вапны. У Віцебску ж і касцёл святога Антонія, і Уваскрасенская царква мелі высакароднае вохрыстае адценне. Дзякуючы ўзгорыстай мясцовасці, горад забудоўваўся на розных узроўнях. І, напрыклад, ад берага Віцьбы да Успенскай горкі забудова была пяціяруснай. І калі глядзець знізу ў вільготнае імжыстае надвор’е, то дамы ўверсе нібыта патаналі ў аблоках. Ці не таму на карцінах Марка Шагала віцебскія жыхары нібыта лётаюць над горадам…

Якая будучыня чакае адкрытыя днямі парэшткі падмуркаў дома Вітэнберга, дзе ў 1915-м годзе жыла сусветна вядомы мастак са сваёй жонкай Бэлай Разенфельд? Ці лічыць помнікам гісторыі Сафійскі сабор, які хочуць адбудаваць у Віцебску на ўзор полацкай Сафіі ХІІ стагоддзя? Чаму неабходна захаваць для нашчадкаў помнік канструктывізму – былы Клуб металістаў, “помнік помнікаў”, дзе ў часы мінулай вайны мясцілася габрэйскае гета? І ці патрэбны гораду новы будынак ЗАГСу, калі побач, магчыма, захаваліся не вывучаныя дагэтуль падмуркі Фарнага касцёлу?

Цалкам гутарку з архітэктарам, гісторыкам, даследчыкам, аўтарам кнігі “Гістарычны цэнтр Віцебску. Вяртанне страчанага” Яўгенам Калбовічам слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя