Замежныя дыпламаты наведваюць постчарнобыльскія рэгіёны
Кіраўнікі і супрацоўнікі акрэдытаваных у Беларусі замежных дыпламатычных місій і прадстаўніцтваў міжнародных арганізацый 13—14 верасня наведваюць Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік і Хойніцкі раён Гомельскай вобласці.
Мерапрыемства арганізаванае Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях сумесна з прадстаўніцтвам Праграмы развіцця ААН у Беларусі пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў.
Як паведамляе прэс-служба МЗС, „візіт праводзіцца ў мэтах прыцягнення міжнароднага садзейнічання і інвестыцый для ўстойлівага развіцця пацярпелых ад чарнобыльскай катастрофы рэгіёнаў Беларусі, азнаямлення замежных дыпламатаў з іх эканамічным патэнцыялам, а таксама з дзейнасцю дзяржавы і рэалізацыяй міжнародных праграм па пераадоленні наступстваў аварыі на ЧАЭС”.
13 верасня дыпламаты наведалі помнік Смутку ў Хойніках, ААТ „Мілкавіта”, Стрэлічаўскую сярэднюю школу, у якой вядзецца праца па навучанні асновам радыяцыйнай бяспекі, Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік, а таксама шэраг іншых аб’ектаў рэгіёна.
Ключавым мерапрыемствам другога дня візіту стане круглы стол „Устойлівае развіццё пацярпелых у выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС рэгіёнаў”. Яго ўдзельнікі прэзентуюць вынікі дзейнасці мясцовых органаў улады, агенцтваў сістэмы ААН і іншых міжнародных арганізацый, падтрыманых донарскай супольнасцю, уключаючы Еўрапейскі саюз і Глабальны экалагічны фонд, па аднаўленні і ўстойлівым развіцці рэгіёнаў Беларусі, пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС. „Важным аспектам дыскусіі будзе абмеркаванне пытанняў развіцця чалавечага, эканамічнага і экалагічнага патэнцыялу пацярпелых тэрыторый, а таксама асноўных прыярытэтаў іх устойлівага развіцця з улікам патрэбаў найбольш уразлівых груп насельніцтва”, — паведамляе прэс-служба МЗС.
„Чакаецца, што вынікі візіту дазволяць скаардынаваць дзейнасць зацікаўленых бакоў па ўстойлівым развіцці пацярпелых тэрыторый Беларусі, а таксама закладуць асновы для новых партнёрстваў”, — падкрэслілі ў знешнепалітычным ведамстве.