Журналістку Intex-press, якая рабіла інтэрв’ю з Ціханоўскай, выклікалі ў міліцыю



Карэспандэнтку баранавіцкай газеты Intex-press Людмілу Сцяцко апыталі ў Баранавіцкім ГАУС па факце публікацыі інтэрв’ю са Святланай Ціханоўскай, паведамляе служба маніторынгу ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў».

Людміла Сцяцко была аўтарам гэтага інтэрв’ю з экс-кандыдатам у прэзідэнты на выбарах 2020 года. Апытанне вёў маёр міліцыі Аляксей Паплаўскі ў рамках праверкі па крымінальнай справе ў дачыненні да галоўнага рэдактара Intex-press Уладзіміра Янукевіча.

Гутарка доўжылася каля дзвюх гадзін.

„Я адчувала сябе спакойна, таму што дакладна ведала, што мы не парушылі закон, і ніякага экстрэмізму ў публікацыі няма. Праблемы, якія ўзніклі, сталі для нас поўнай нечаканасцю. Я нават спытала ў маёра, які вёў апытанне, ці бачыць ён сам экстрэмізм у тэксце. Ён адказаў нешта накшталт: „Ну, вы самі ўсё разумееце”, — распавяла службе маніторынгу БАЖ Людміла Сцяцко.

29 красавіка стала вядома, што суд прызнаў апублікаваны ў газеце Intex-press артыкул, а таксама размешчаны на інтэрнэт-рэсурсе тэкст інтэрв’ю і яго відэазапіс экстрэмісцкімі матэрыяламі.