Зміцер Дашкевіч: Статкевіча ізалявалі ад іншых асуджаных…



Былы палітзняволены Зміцер Дашкевіч пракаментаваў рашэнне суда па ўзмацненні рэжыму адбыцця пакарання экс-кандыдату ў прэзідэнты Мікалаю Статкевічу.

Зміцер Дашкевіч

4 траўня на пасяджэнні суда ў шклоўскай папраўчай калоніі № 17, дзе ўтрымліваецца апазіцыйны палітык, прынята рашэнне пра яго пераводзе на турэмны рэжым да канца тэрміну пакарання (1 год 7 месяцаў 15 дзён).

Зміцер Дашкевіч: Нічога нечаканага ў гэтым судовым рашэнні няма. Але скажу, што гэта не самы горшы варыянт, які мог здарыцца для Статкевіча, таму што ў асуджанага, якому пастаянна навешваюць парушэнні рэжыму, ёсць два шляхі з “зоны” – альбо раскрутка на дадатковыя год ці два зняволення, альбо перавод у турму да канца тэрміна. Міколу далі “крытую турму” і гэта хаця б абнадзейвае ў тым плане, што праз няпоўных два гады чалавек будзе на волі. Я сустракаў людзей, якія, заязджаючы ў турму на два гады, сядзелі па дзесяць.

РР: Ці моцна ўскладніць жыццё Міколу Статкевічу перавод на турэмны рэжым?

Зміцер Дашкевіч: Не думаю, што асабліва ўскладніць. Натуральна, будзе больш замкнёная прастора, але, думаю, што Статкевічу і ў Шлоўскай калоніі прастору не вельмі дазвалялі пашырыць. У прынцыпе, таму на турэмны рэжым і накіроўваюць. Каб як мага больш абмежаваць яго кантакты з іншымі асуджанымі.

РР: Некаторыя мяркуюць, што гэта яшчэ і ціск на палітыка, каб той усё ж-такі напісаў прашэнне аб памілаванні.

Зміцер Дашкевіч: Наўрад ці гэта форма ціска, каб палітвязень папрасіў памілавання, бо асабістую пазіцыю Міколы ўсе даўно зразумелі. І, па-другое, у адміністрацыі калоніі выйсця не было. Яны не маглі дапусціць, каб самы вядомы палітзняволены Беларусі наўпрост меў зносіны з тысячай-другой іншых асуджаных. Яго трэба было ізаляваць. Альбо пастаянна саджаць у штрафны ізалятар, альбо перавесці на турэмны рэжым, дзе будзе знаходзіцца ў камеры асобна.

РР: Як такое рашэнне суда стасуецца з тым, што зараз беларускія ўлады наладжваюць адносіны з Еўропай?

Зміцер Дашкевіч: Калі ў “наццаты” раз кажуць пра пацяпленне з Захадам, гэта ўжо нікому не цікава. Перафразуючы класіка: падмануць мяне няцяжка, бо сам падманвацца рады. Дык вось ёсць пэўныя палітычныя сілы, якія бачаць нейкае пацяпленне і рады падманвацца.

РР: Ці не выклік гэта Захаду – узмацненне рэжыму палітвязню акурат перад Рыжскім самітам?

Зміцер Дашкевіч: Я не расцэньваю гэта як выклік. Тая сітуацыя, у якой мы знаходзімся, – гэта норма. Трэба разумець, што сама наяўнасць палітзняволеных у Беларусі – гэта ўжо грандыёзны выклік, нягледзячы на тое, што гульні ў “пацяпленні” з Еўропай ідуць. І, калі на гэты выклік Захад не звяртае ўвагі, то і беларуская ўлада нічым не абмежаваная.

РР: Ці застаюцца ў Міколы Смтаткевіча шанцы без напісання прашэння аб памілаванні раней часу выйсці на волю?

Зміцер Дашкевіч: Я асабіста лічу, што няма ніякіх шанцаў. Добра будзе, калі памыляюся…

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота bnp.by