11 цэркваў Гарадзеншчыны, якія абавязкова трэба ўбачыць



Барысаглебская (Каложская) царква ў Гародні

Найбольш адметнай візітоўкай старажытнай Гародні была і застаецца Каложская царква. З гісторыі забудовы Барысаглебскай царквы, з яе хрысціянскай дзейнасці, што датычыць першых трохсот гадоў існавання, ведама зусім няшмат. Храм быў закладзены на тэрыторыі аднаго з гарадзенскіх пасадаў на пачатку 80-ых гадоў дванаццатага стагоддзя. Ён адзіны з культавых пабудоў гарадзенскай архітэктурнай школы, што збольшага ацалеў і застаўся радаваць нашчадкаў. Фундатарам забудовы выступіў мясцовы князь Мсціслаў Усеваладавіч, які прысвяціў царкву святым заступнікам – братам Барысу і Глебу. Найбольшыя праблемы зрабілі царкве не людзі, а стыхійныя паводкі ў 1853 і 1889 гадах. У выніку першай з іх паўднёвая сцяна з часткай заходняй абваліліся ў Нёман. Страчаныя часткі бажніцы былі заменены лёгкімі драўлянымі канструкцыямі і звычайным дахам. У такім выглядзе царква застаецца дагэтуль. Kalozha

Сынковіцкая царква

Гэта сапраўды шэдэўр культава-абарончага дойлідства, роўных і аналагічных якому няма ва ўсёй Еўропе. Да тыпу такіх храмаў знаўцы залічаюць яшчэ дзве цэрквы – у Супраслі, што на Беласточыне і Мураванцы пад Шчучынам. Аднак, тыя святыні шмат пацярпелі ад разбурэнняў. Сынковіцкая ж цвердзь ацалела амаль нязменнай ад пачатку забудовы. Гісторыя сынковіцкага храма ахутана суцэльнаю таямніцай. Навукоўцы выказваюць меркаванне, што паўстаў ён у канцы ХV – пачатку ХVІ стагоддзя. Існуе легенда, што да гэтага прычыніўся сам вялікі князь Вітаўт. У наш час Міхайлаўская царква атрымала другое жыццё, яна рамантуецца, даводзіцца да ладу і адпаведнага выгляду.

Synkovichy

Царква Раства Багародзіцы ў Гародні

На месцы сучаснага манастыра Раства Багародзіцы у глыбокай старажытнасці стаяла Прачысценская царква. Яе выявілі археолагі ў пачатку васьмідзесятых гадоў мінулага стагоддзя. Першы кляштар базыяльянак на гэтай тэрыторыі быў драўляным, яго знішчыў пажар. Пазней у 1726-1751 гадах паводле праекту італійскага архітэктара Іосіфа Фантаны быў узведзены новы, ужо мураваны, кляштар. У 1860-ыя комплекс перайшоў да праваслаўнай канфесіі. У савецкі бязбожны час на сценах храма віселі матацыклы – тут была адпаведная школа. Потым у будынку доўга месціўся дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі. Сёння ў будынку праваслаўны жаночы манастыр.

Manastyr Rastva-2

Царква ў Мураванцы

Гэта храм абарончага тыпу. Збудаваная царква была ў шаснаццатым стагоддзі паміж 1516-ым і 1542-ім гадамі. Фундатарам выступіў віленскі падканюшы Шымко Мацкевіч Шкленскі. Пазней шчодрыя ахвяраванні на храм складалі іншыя заможныя асобы. На пачатак 17-га гэтая царква была адной з сама багатых у нашым Вялікім Княстве. У час вайны Рэчы Паспалітай з Масковіяй царква была пашкоджана, а праз некалькі гадоў адноўлена. Яшчэ больш яна пацярпела ў іншы ліхі перыяд – у баявыя падзеі Паўночнай вайны. У паўразбураным стане храм стаяў ажно да дзевятнаццатага стагоддзя. А ў 1822-ым і 1871-72 гадах царква зазнала значную, можна сказаць “празмерную” перабудову. У 20-ыя гады мінулага стагоддзя “за польскім часам” царква была прыстасаваная пад касцёл. Пры саветах храм быў занядбаны. А ўжо ў перабудову святыня была вернутая праваслаўным і прыдбала сучасны выгляд. Muravanka

Царква ў Валеўцы

Гэта адзін з найбольш старых драўляных храмаў на беларускай зямлі, каштоўная перліна архітэктурнай спадчыны. Стаіць царква па левым баку на шляху, што вядзе на чароўнае возера Свіцязь, аддаленая ад жылой забудовы. Царква пры самай дарозе, на пагорку, а перад ёй растуць дзве бярозы, падымацца трэба па стромых прыступках. Храм быў пабудаваны ў 1685 годзе з дрэва як Троіцкі касцёл кляштару дамініканцаў, што быў заснаваны паводле фундацыі берасцейскага ваяводы Стэфана Курча. Першапачаткова ён меў рысы стылю барока. У 1832 годзе кляштар быў скасаваны, а яшчэ праз пяць гадоў храм стаў праваслаўнай Петрапаўлаўскай царквой. Апошняя перабудова адбылася ў 1870-ых гадах, з таго часу царква істотна не мяняла свайго аблічча.

Valeuka

Успенскі сабор у Жыровічах

Сярод беларускіх рэлігійных святыняў жыровіцкі асяродак займае асаблівае месца. За многія стагоддзі тысячы людзей звярталіся па заступніцтва да Маці Божай Жыровіцкай. І напэўна яго знаходзілі. У сярэднявеччы і пазней сюды прыязджалі манархі і магнаты, якія рабілі шчодрыя ахвяраванні. Развіццю манастыра спрыяў канцлер Вялікага Княства Леў Сапега, які некаторы час быў уладальнікам Жыровічаў. Штогод мясціну наведвалі каля 10 тысяч паломнікаў розных веравызнанняў. “Бяграфія” асяродку была складанай, як і ўся наша гісторыя. Свята-Успенскі сабор пабудаваны як галоўны храм манастыра базыльянаў у 1629-71 гадах высілкамі ігумена Пятра Мімонскага. Гэта помнік архітэктуры змешанага стылю – часткова баракальнага, часткова класіцыстычнага выгляду. Менавіта ў гэтым храме захоўваецца славуты абраз Маці Божай Жыровіцкай.

 Zhyrovichy

Царква ў Турцы

Гістарычных звестак пра гэты храм няшмат. Пабудаваная царква ў 1888 годзе з бутавага каменю і цэглы на месцы старога драўлянага храма 1747 году. Старыя дрэвы вакол царквы за апошняе дзесяцігоддзе ўжо ўсе спілаваныя. На царкоўнай мураванай браме выбіты год 1888. Злева ад брамы каменны помнік з шматлікімі напісамі лацінскімі літарамі. Каля царквы растуць з зямлі невядомыя крыжы. Адзін малы, а другі паболей. Паводле мясцовых паданняў – гэта магіла князя і яго сына, якія аддалі жыцці за краіну.

 Turec

Свята-Крыжаўзвіжанская царква ў Жыровічах

На тэрыторыі Жыровіцкага манастырскага манастыра. Пабудавана ў 1769 годзе з цэглы як храм-кальварыя на ўзор аналагічнага храма ў Ватыкане. Помнік архітэктуры ракако. Царква стаіць на некаторым узвышшы. Дрэвы, якія растуць наўкола, усе схіліліся да яе. Такое можна пабачыць яшчэ хіба толькі ў Грабарцы на Беласточчыне.

zhyrovichy-2

 Сьвята-Мікалаеўская царква ў Дубне

Паводле адной з версій мясцовая Мікалаеўская царква (гады пабудовы 1844, 1860, архітэктар Кржыжаноўскі) пабудавана італійскімі архітэктарамі памылкова. Нібыта праект вялізнага храма ствараўся для ўкраінскага гораду Дубна. Аднак, паверыць у такую легенду дастаткова цяжка.Помнік архітэктуры позняга класіцызму, квадратны ў плане, уражвае найперш сваімі памерамі.

 Dubna

фота царквы ў Дубне з сайту www.radzima.org

Царква ў Шчорсах

Дзьмітрыеўская царква (1770-76), пабудавана як уніяцкая паводле фундацыі магнатаў Храптовічаў італійскім архітэктарам Джузэпэ Сака пры ўдзеле французкага дойліда Ж. Габрыэля на месцы царквы, якая згарэла ў 1758-ым. Пацярпела ад пажару ў 1930-ыя гады. У наш час адноўлена і адчынена ў 1988-ым. Помнік архітэктуры пераходнага стылю ад барока да класіцызму.

Shchorsy

Наваградская Барыса-Глебская царква

Барыса-Глебская царква (1517-19), пабудавана на месцы храма 12 стагоддзя, які быў забудаваны на месцы паганскага капішча. На гэты храм рабіў ахвяраванні князь Канстанцін Астрожскі. Доўгі час была катэдрай праваслаўных і ўніяцкіх мітрапалітаў. Уніяцкі мітрапаліт Іосіф Руцкі заснаваў тут мужчынскі базыльянскі манастыр, а граф Адам Храптовіч – жаночы, які існаваў да 1840 году, калі быў пераведзены ў Лаўрышава. У 1870-ыя гады прыйшоў у заняпад. У 19-ым – пачатку 20 стагоддзя тут захоўвалася цудатворная ікона Маці Божай Наваградскай. У 1923-24 гадах храм рэканструяваны. Пасля другой сусветнай вайны выкарыстоўваўся як архівасховішча. Царква адноўлена і адчынена для вернікаў у 1990-ых.

Barysaglebskaya

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара