12 драўляных помнікаў архітэктуры Гарадзеншчыны, якія трэба абавязкова ўбачыць
Беларускае Радыё Рацыя працягвае прадстаўляць найбольш цікавыя архітэктурныя помнікі Гарадзеншчыны. Раней увазе чытачоў нашага сайту былі прапанаваныя версіі найбольш адметных праваслаўных цэркваў Гарадзеншчыны, унікальных сядзібаў і палацаў , а таксама сінагог, што захаваліся на тэрыторыі гэтай вобласці.
Зараз прадстаўляем тузін найбольш адметных драўляных помнікаў архітэктуры, якія можна і варта ўбачыць на Гарадзеншчыне. На жаль, даводзіцца канстатаваць, што адзін з іх незваротна страчаны зусім нядаўна – 6 чэрвеня 2017 года ў выніку пажару згарэў старажытны драўляны касцёл Святога Яўхіма ў Клюшчанах, што на Астравеччыне. Драўляныя помнікі архітэктуры асабліва няўстойлівыя перад стыхіямі і сапраўды патрабуюць асаблівага захавання.
Царква ў Валеўцы (Наваградскі раён)
Гэта адзін з найбольш старых драўляных храмаў на беларускай зямлі, каштоўная перліна архітэктурнай спадчыны. Стаіць царква па левым баку на шляху, што вядзе на чароўнае возера Свіцязь, аддаленая ад жылой забудовы. Царква пры самай дарозе, на пагорку, а перад ёй растуць дзве бярозы, падымацца трэба па стромых прыступках. Храм быў пабудаваны ў 1685 годзе з дрэва як Троіцкі касцёл кляштару дамініканцаў, што быў заснаваны паводле фундацыі берасцейскага ваяводы Стэфана Курча. Першапачаткова ён меў рысы стылю барока. У 1832 годзе кляштар быў скасаваны, а яшчэ праз пяць гадоў храм стаў праваслаўнай Петрапаўлаўскай царквой. Апошняя перабудова адбылася ў 1870-ых гадах, з таго часу царква істотна не мяняла свайго аблічча.
Касцёл у Воўпе (Ваўкавыскі раён)
Касьцёл Св. Яна Хрышчэнніка (1773 года, пабудаваны біскупам інфлянцкім Янам Непамукам Касакоўскім на месцы касцёлу 16 ст., рэстаўраваны ў канцы 19 ст.). Найвялікшы драўляны касцёл у Беларусі. У ім захоўваецца драўляны алтар 1-й паловы 17 стагоддзя (яго фундатарам быў падканцлер Казімір Лявон Сапега, сын Льва Сапегі). Побач з касцёлам мураваная званіца 1858 года.
Касцёл у Данюшаве (Смаргонскі раён)
Галоўнай візітоўкай вёскі Данюшава, што непадалёк Смаргоні і размяшчаецца на правым беразе Віліі, ёсць Троіцкі касцёл, драўляны будынак з мураванымі калонамі. Сучасны храм, які стаіць на ўскрайку вёскі, быў збудаваны ў 1809 годзе на месцы храма 1621 году. Касцёл абнесены мураванай агароджай, мае адметную браму і шатровую званіцу. Першы ж касцёл у Данюшаве быў заснаваны яшчэ ў 1483-ім годзе ўладальнікамі маёнтку Саковічамі. Пазнейшы драўляны храм дзеіў як парафіяльны касцёл Ашмянскага дэканату да другой паловы XVII ст., а потым як філія быў далучаны да парафіі з цэнтрам у Солах. У 1728-73 гг. тут працавала езуіцкая місія ад калегіума ў Жодзішках, якую заснаваў шляхціч Мікалай Кошыц.
Царква ў Жытомлі (Гарадзенскі раён)
Дабравешчанская драўляная царква 1743 года. У 1864 годзе была перабудавана, у 1920-ыя гады дзеіла як касцёл. Быў шанаваны абраз “Маці Божая”. Зараз праваслаўная царква.
Касцёл у Казловічах (Гарадзенскі раён)
Драўляны касцёл Маці Божай і Святога Андрэя Баболі (1-я пал. 19 ст.). У 1859 годзе адрамантаваны памешчыцай Свечынай. Паводле іншых звестак тут з 1873 была праваслаўная царква, якая была перададзеная пад касцёл у 1920 годзе. Храм ведамы таксама тым, што тут служыў Станіслаў Хадыка, беларускі каталіцкі святар, вязень савецкіх канцлагераў.
Сядзіба ў Кашубінцах (Гарадзенскі раён)
У 18-ым стагоддзі маёнтак быў уласнасцю езуітаў, пасля ліквідацыі ордэну па чарзе належаў родам Храптовічаў, Данкевічаў і Бачэйкаў. У апошніх уладальнікаў сядзіба была забрана за ўдзел у вызвольным паўстанні 1863-га. У міжваенны час маёнтак належаў нашчадкам Бачэйкаў – Блаўдзевічам. У савецкі час у драўляным доме-сядзібе доўгі час жылі людзі.
Касцёл у Кашубінцах (Гарадзенскі раён)
Ёсць у згаданых вышэй Кашубінцах яшчэ адзін драўляны помнік. Гэта мясцовы касцёл Дзевы Марыі (1750-73). Пабудаваны ён езуітамі з дрэва, вакол могілкі. На іх пахавальны склеп. У 1962 годзе храм быў зачынены, у 1990 годзе вернуты парафіянам. Побач з касцёлам званіца.
Царква ў Коматаве (Гарадзенскі раён)
Драўляная Спаса-Праабражэнская царква. Стаіць паблізу Нёмана на правым беразе. Пачаткова забудаваная ў 1846 годзе, перабудаваная ў 1865 годзе. Помнік народнага дойлідства з элементамі класіцызму. Непадалёк ад царквы ёсць так званая “Коматаўская пераправа” – стратэгічны вайсковы пераход праз Нёман.
фота царквы ў Коматаве з сайту radzima.org
Сядзіба ў Кушлянах (Смаргонскі раён)
Сядзіба класіка беларускай літаратуры Францішка Багушэвіча. У Кушлянах ён жыў з 1898 да сьмерці ў 1900 годзе. У 1749 годзе сядзібу купіў Антон Багушэвіч (прапрадзед паэта). На тэрыторыі музейнага комплексу сядзібны дом, парк з пладовым садам, драўляная альтанка з назвай “Распятая воля”, зробленая Багушэвічам у памяць ахвяраў паўстаньня 1863 г. Сядзіба адбудаваная ў 1980-ыя гады.
Сядзіба ў Поразаве (Свіслацкі раён)
Сядзіба пад назвай „Багудзенкі” размешчана непадалёк мястэчка Поразава. Драўляная сядзіба роду Бутаўт-Андрэйкавічаў забудаваная ў сярэдзіне 19 стагоддзя. Акрамя сядзібнага дому захавалася пару гаспадарчых пабудоў і рэшткі старога парку.
Касцёл у Струбніцы (Мастоўскі раён)
Храм у гонар Святой Тройцы стаіць на высокім пагорку на поўдзень ад Струбніцы, фактычна ў вёсцы Плябанаўцы. Троіцкі драўляны касьцёл 1740 года пабудаваны паводле фундацыі Юры Сененскага і Францішка Абрамовіча, у 1790-99 гадах рэстаўраваны коштам Яна Біспінга, у 1841-ым – коштам Адама Біспінга. Ля касцёлу мураваная брама і двухярусная мураваная званіца (1856 год). Быў зачынены на пачатку 1960-ых гадоў, у 1989-ым перададзены вернікам. Праз дарогу драўляная плябанія (19 ст.). На касцельных могілках пахаванні роду Біспінгаў, якія жылі ў Струбніцы з 2-й паловы 18 стагоддзя да 1939 года.
Касцёл у Тракелях (Воранаўскі раён)
Першы касцёл у Тракелях стаяў ў паўночнай частцы вёскі. Пазней пабудаваны драўляны касцёл Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі. У час нашэсця маскоўскіх войскаў у 1655–1659 гг. тракельская святыня была знішчана. Езуітамі храм адбудаваны і ў 1687 годзе кансэкраваны Віленскім суфраганам Уладзіславам Сільніскім. Святыня знішчана ў час нашэсця шведаў каля 1705 г. Езуітамі і парафіянамі у 1758 г. касцёл наноў адбудаваны пад тытулам Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі. Сённяшні драўляны храм пабудаваны Стэфанам Незабыткоўскім ў 1809 годзе. Грунтоўная рэстаўрацыя будынка была ў 1866 г. адміністратарам тракельскай парафіі кс. Юзафам Сідорскім. Пазней касцёл яшчэ некалькі разоў рэстаўраваўся. Паводле парафіяльных хронік, святыня набыла сучасны выгляд у 1928 годзе. Захоўваецца цудатворны абраз 16 ст. “Маці Божая Тракельская” (вывезены з Вільні ў 1595 г.). Штогод сюды адбываецца пілігрымка. 5 ліпеня 2009 года адбылася каранацыя мясцовага абраза.
Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара