12 сінагог Гарадзеншчыны: розны лёс і стан
Беларускае Радыё Рацыя ўжо прадстаўляла сваю версію найбольш адметных праваслаўных цэркваў Гарадзеншчыны, а таксама ўнікальных сядзібаў і палацаў гэтай вобласці. На чарзе 12 сінагог рэгіёну, лёс якіх склаўся і складваецца вельмі па рознаму. Вашай увазе фота найбольш цікавых культавых будынкаў іудаізму, якія захаваліся на тэрыторыі Гарадзеншчыны да нашага часу. Усяго на тэрыторыі вобласці іх у розным стане збераглося каля 35. Некаторыя ў руінах, некаторыя закансерваваныя, іншыя перабудаваныя і прыстасаваны пад культурніцкія ці канфесійныя патрэбы. Дзейсная сінагога ў вобласці зараз толькі адна – у Гародні.
Сінагога ў Ашмянах. Помнік архітэктуры канца 19-га стагоддзя, па іншых звестках сінагога пабудавана ў 1912 г. Паблізу цэнтру гораду, знаходзіцца за дамамі па цэнтральнай вуліцы. Была зачынена ў 1940 г. У добрым стане, буданак закансерваваны, выкарыстоўваецца як склад. Захаваўся інтэр’ер і элементы знешняй аздобы.
Сінагогальны двор у Астрыне (Шчучынскі раён). Тут была цэласная сінагогальная забудова пачатку 20 стагоддзя, значная яе частка захавалася. Будынак былой сінагогі нейкі час займаў Астрынскі Дом культуры, зараз архітэктурны помнік у аварыйным стане.
фота з сайту www.radzima.org
фота з сайту www.radzima.org
Галоўная сінагога ў Гародні. Паводле меркавання гарадзенскіх гісторыкаў асноўная частка будынку – старая сінагога 16-га ці 17-га стагоддзя. У пачатку 20 стагоддзя істотна зменены толькі фасад. У 2013 годзе ў будынку здарыўся пажар. Зараз сінагога фактычна адбудаваная і дзеіць.
Сінагога ў Індуры (Гарадзенскі раён). Дата забудовы – 1885 год. Знаходзіцца ў стане разбурэння, неадкладна патрабуе кансервацыі.
Сінагога ў мястэчку Ражанка (Шчучынскі раён). У савецкі час у будынку сінагогі быў сельскі клуб. Пасьля распаду Савецкага саюзу занядбаную камяніцу перадалі пад царкву, да былой сінагогі зрабілі прыбудоўку, паставілі званіцу. Новы праваслаўны храм быў асвечаны ў гонар Раства Хрыстова ў 2004-ым годзе.
Сінагогальны двор у Міры (Карэліцкі раён). Мір быў адным з найбуйнейшых цэнтраў габрэйскай культуры ў Беларусі. У мястэчку забудаваны вялікі сінагогальны цэнтр канца 19 стагоддзя. Частка старых сінагог захавалася. Адзін з двухпавярховых будынкаў паводле некаторых звестак быў ешыботам.
фота з сайту www.radzima.org
Ешыбот ў Радуні (Воранаўскі раён). Навучальная ўстанова ешыбот была забудавана ў 1869 г., у ёй выкладаў знакаміты знаўца Талмуду і Галахі Новага часу рабін Ізраіл Меір Каган (Пупко). Са сценаў радуньскага ешыботу выйшлі многія вядомейшыя равіны свету. Цяпер у будынку мясцовы Дом культуры.
Сінагога ў Поразаве (Свіслацкі раён). Будынак з вялікага бутавага каменю канца 19 стагоддзя. У дастаткова добрым стане.
фота з сайту www.radzima.org
Сінагога ў Слоніме. Адна з старэйшых сінагог на тэрыторыі Беларусі. Так званая Вялікая сінагога ўзведзена ў 1642 г. у гістарычным цэнтры горада ў сістэме яго абарончых збудаванняў. Сучасны адрас – вул. Савецкая, 1. Гэта магутнае збудаванне ў стылі барока, абгароджанае з усіх бакоў больш познімі прыбудовамі. Пра рэстаўрацыю будынка размовы ідуць ужо гадоў дваццаць, але пакуль нічога не робіцца.
Сінагога ў Дзятлаве. Некалі культавы будынак канца 19 стагоддзя прыстасаваны зараз пад пажарнае дэпо раённага цэнтру.
фота з сайту www.radzima.org
Сінагога ў Новым Двары (Шчучынскі раён). Будынак пачатку 20 стагоддзя, падзелены ў сярэдзіне перагародкамі, доўга служыў у савецкі час магазінам. Вялікая частка зараз пустуе, у меншай па-ранейшаму працуе харчовая крама.
Сінагога ў Крэве (Смаргонскі раён). Была ў мястэчку часткай сінагогальнага двара 19-га-пач. 20 стагоддзя. У найбольш гаротным стане з усіх пералічаных помнікаў нашага агляду, будынак фактычна ў руінах. Акрамя руінаў сінагогі ў Крэве захаваліся будынкі міквы (паводле іншых звестак гэта былая кагальная лазня) і хедэра.
Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара