180 гадоў з дня нараджэння Зыгмунта Мінейкі
Палявы камандзір паўстання 1863 года, грамадскі дзеяч, этнограф, калекцыянер, журналіст, мемуарыст, нацыянальны герой Грэцыі Зыгмунт Мінейка нарадзіўся 5 верасня 1840 года ў вёсцы Балванішкі (цяпер Зялёны Бор, Ашмянскі раён).
Зыгмунт Мінейка – чалавек незвычайнага, нават авантурнага лёсу, асоба сапраўды неардынарная і шматгранная. Вядома, што вучыўся ён спярша ў Віленскай гімназіі. З гэтага перыяду захавалася гісторыя, калі навучэнцы складалі прысягу цару Аляксандру ІІ. Мінейка ў час цырымоніі на падпісным лісце пакінуў прыдуманае прозвішча і такім чынам лічыў сябе вольным ад гэтай прымусовай прысягі. У 1858 годзе Мінейка паступіў у Вайсковую акадэмію ў Пецярбургу. Пасля вяртання на радзіму далучыўся да вызвольнага руху. Напярэдадні збройнага чыну разносіў сярод насельніцтва “Гутарку старога дзеда” на беларускай мове, якую склаў хутчэй усяго Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч і якая была надрукавана ў беластоцкай друкарні. Мінейку высачылі і ён быў змушаны выехаць за мяжу. Урэшце апынуўся ў італійскай Джэнаве (Генуі), дзе Джузэпэ Гарыбальдзі адчыніў вайсковую школу для маладых выхадцаў з зямель былой Рэчы Паспалітай.
Зыгмунт Мінейка
Калі надышоў час вызвольнага паўстання 1863 года, Мінейка вярнуўся, спярша быў у атрадзе Мар’яна Лягневіча. Удзельнічаў у бітве пад Граховішкамі, бітва была выйграная, але сама кампанія няўдалая. Праз Прусію вярнуўся на беларускія землі, дзе арганізаваў атрад з 28 партызанаў. Стаў палявым камандзірам, паўстанцкім ваенным начальнікам Ашмянскага павету, меў псеўданім Мацей Баравы. 15 чэрвеня 1863-га атрад Мінейкі ў першым жа баі разбіты каля мясцовасці Расолішкі. Зыгмунт мусіў хавацца, але быў здраджаны. Яго арыштавалі і пасадзілі ў віленскі астрог. Судом прыгавораны да смяротнага пакарання – павешання. Яго маці – Цэцыліі, заплаціўшы хабар, удалося змяніць прысуд на 12 гадоў катаргі ў Сібіры на Нерчынскіх капальнях. Але Мінейка і ня думаў скарацца. У высылцы ён стаў адным з кіраўнікоў палітычных катаржанаў. Гісторыя ж яго уцёкаў заслугоўвае асобнага гістарычнага рамана.
На адным з этапаў Зыгмунт бярэ сабе імя памерлага сябра Струмілы, які быў знешне падобны і засуджаны толькі на пасяленне. Паведаміўшы канвою пра сваю “смерць”, ён пасяляецца ў Томску. Там пачаў гандляваць, вырабляючы шапкі, падушкі і штучныя кветкі, а неўзабаве заняўся аздобай дамоў гораду. Набыўшы на заробленыя грошы вазы, коней і правіянт, Зыгмунт пад выглядам сібірскага купца, узяўшы прозвішча графа фон Мэбэрта, трапляе на прыём да пецярбургскага генерал-губернатара і дамагаецца для сябе замежнага пашпарту. Разам з вязнямі Акінчыцам і Вашкевічам уцякае ў Заходнюю Еўропу.
За мяжой Мінейка ў 1868 годзе скончыў акадэмію генштабу ў Парыжы, але не захацеў ваяваць у складзе легіёну ў Алжыры. Таму ў 1891 годзе ён пераехаў у Грэцыю, удзельнічаў у Балканскай вайне з Турцыяй за Крыт. Менавіта ён арганізаваў захоп турэцкай фартэцыі Яніна, што прынесла грэкам бліскучую перамогу.
У Грэцыі Зыгмунт Мінейка ажаніўся з Празерпінай Манарыс, іхная дачка Зоф’я – жонка Георгіяса Папандрэу-старэйшага, вядомага грэцкага палітыка. Адпаведна Андрэас Папандрэу, яшчэ адзін папулярны палітык – унук Мінейкі.
Вызначыўся Зыгмунт Мінейка і як інжынер-праектант. Славу яму прынесла будаванне дарог і мастоў. Удзельнічаў ён таксама ў археалагічных экспедыцыях, адна з іх завяршылася сенсацыйным адкрыццём храма Зеўса ў Дадоне, пра які пісаў яшчэ Сакрат. Іншымі яго захапленнямі былі этнаграфія і калекцыянаванне. Калі ж надышла пара першых алімпійскіх гульняў сучаснасці ў 1896 года ў Афінах, асвятляў спаборніцтвы як сапраўдны рэпарцёр.
Мармуровы стадыён у Афінах
Зыгмунт Мінейка – ганаровы грамадзянін Грэцыі. Пра яго на землях старажытнай Элады ведаюць многія, памяць захоўваецца ў грэцкіх музеях. У Беларусі пра славутага продка-ліцвіна інфармацыі вельмі мала, памяць не ўшанаваная ніяк.
У 2017 годзе ў Менску выйшла мемуарная кніга Мінейкі па-беларуску пад назвай „З тайгі пад Акропаль. Успаміны з 1848-1866 гадоў”.
Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя