Абхазскі лемантар
Шаноўнае спадарства! Адкладзіце, калі ласка, вашыя мабільнікі, касметычкі і крыжаванкі. Уладкоўвайцеся ў вашых крэслах утульней – наш аўтобус уязджае на тэрыторыю Абхазіі. У нас мала часу, і таму я пакажу вам толькі самае галоўнае.
Паглядзіце налева. Бачыце разбіты “жыгуль” на ўзбочыне?
Запамінаем літарку “в”, “валютчык”. У непрызнанай Абхазіі няма сваіх грошай, тут ходзіць расейскі рубель. Так што калі вы прыехалі сюды з далярамі, дык лепш памяняць іх у валютчыка. У сухумскай “абменцы” за вашы даляры прапануюць не той курс, які вызначае расейскі Цэнтрабанк, а той, які ў цяперашні момант падабаецца касіру. А банкамат на ўсю Абхазію толькі адзін, і той не заўсёды працуе. Толькі, як наважыцеся мяняць грошы ў тым “жыгулі” валютчыка, некалькі разоў пералічыце рублі і, пажадана, паглядзіце іх на святло – у пачку могуць падсунуць каляровую ксеракопію.
Паглядзіце направа. Ведаеце, адкуль гэтыя занядбаныя вінаграднікі і закінутыя дамы?
[Not a valid template]
Запамінаем літарку “р”, ад слова “руіны”. Раней у гэтых дамах жылі грузіны, якіх тут было значна больш за абхазаў. Пасля таго, як Грузія аднавіла незалежнасць, абхазскія баявікі з дапамогай расейскай арміі выгналі з краіны больш за 200 000 грузін, а астатніх проста пазабівалі. І нават раскурочылі старадаўнія надмагіллі з грузінскімі надпісамі.
Хто спытаўся: а чаму наш аўтобус так хістае? Дарогі ў Абхазіі апошні раз рамантаваліся яшчэ за часамі СССР, а потым іх канчаткова разбілі расейскія танкі. Між іншым, слова на літару “т”, то бок “танк” таксама запомніце – тут некалькі расейскіх вайсковых базаў.
Мы ўязджаем у горад Гагры, які для нас, беларусаў, цікавы яшчэ і тым, што ў трыццатыя гады там адпачываў Янка Купала, калі аднаўляў здароўе пасля пасквіляў на яго ад літаратурнага крытыка Лукаша Бэндэ. Прабачце, але я не магу дакладна сказаць, у якім менавіта санаторыі жыў тут Іван Дамінікавіч – усё аднолькава занядбанае і закінутае, прыгадваем літарку “р”. А тое, што вы бачыце, называюцца ўжо не санаторыі, а халупы. Так што гэтае слова на літарку “х” таксама варта запомніць.
А вось цікавы трохпавярховы будынак.
Не, гэта не дэкарацыя да кампутарнай гульні з серыі “Постядзерны апакаліпсіс”. Раней тут быў рыбзавод, на якім працавала большасць пасёлка Лідзава, які абхазы пераназвалі на Лдзаа. Падчас вайны рыбзавод разбурылі з цяжкой артылерыі. Цяпер там такія глыбокія яміны, замаскаваныя густым бадыллём, што недасведчаны чалавек, напэўна, адразу праваліцца і зломіць нагу. Так што запамінаем літару “я”, “яміны”, і трымаемся ад былога рыбзавода падалей.
Бачыце патрушчаныя кулямі сцены?
Мясцовыя кажуць, што абхазскія баявікі расстрэльвалі каля тых сценаў палонных. Літарка “р”, “расстрэл”, варта запомніць.
Нарэшце мы на моры. Мора, дзякуй Богу, ніхто не здолеў разбурыць з гармат, “Градаў” і мінамётаў – як, зрэшты, і шыкоўныя горы. Выходзім з салона, не зважаем на адсутнасць распранальняў, душавых, парасонаў і ўсяго, да чаго вас разбэсцілі пляжы Турэччыны і Грэцыі. На свінняў, козаў і кароваў, якія гуляюць па пляжы, таксама не звяртаем увагі: тутэйшым трэба неяк выжываць.
[Not a valid template]
Грошы, мабільнікі і ўвогуле ўсё збольшага каштоўнае лепш пакінуць у аўтобусе. Так-так-так, мясцовыя пацаны імгненна гэта скрадуць – вы нічога і зразумець не паспееце. Так што літару “к”, “крадзёж”, таксама запамінаем…
Што значыцца – “чаму пры такой шыкоўнай прыродзе і пры такіх багатых прыродных магчымасцях тут такая галеча?”
Я ж адразу прасіў вас запомніць літару “р”. Не, не “руіны”, але «русский мир», які прынеслі сюды на штыхах. А там, «русский мир», заўсёды ёсць і будуць і руіны, і танкі, і разбітыя дарогі, і халупы, і ўсё астатняе.
Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара