Абмежаванні на наведванне лясоў дзейнічаюць у 15 раёнах Беларусі
Абмежаванні на наведванне лясоў уведзеныя ў 15 раёнах краіны. Пра гэта сведчыць інтэрактыўная карта на інтэрнэт-партале Міністэрства лясной гаспадаркі.
Па дадзеных на раніцу 24 ліпеня, забароненых маршрутаў няма, а абмежаванні ўведзены ў 15 раёнах, у асноўным у цэнтральнай частцы рэспублікі.
Больш за ўсё абмежаванняў у Менскай вобласці — у 9 раёнах (Маладэчанскім, Валожынскім, Стаўбцоўскім, Уздзенскім, Пухавіцкім, Старадарожскім, Чэрвеньскім, Бярэзінскім, Крупскім), а таксама ў пяці раёнах Магілёўскай вобласці (Шклоўскім, Горацкім, Дрыбінскім, Магілёўскім і Клічаўскім) і Верхнядзвінскім раёне Віцебскай вобласці.
На сайце Мінлясгаса размешчана інтэрактыўная карта забаронаў і абмежаванняў на наведванне лясоў. З яе дапамогай можна аператыўна адсачыць, у якіх рэгіёнах часова забаронена наведваць лясы. Карта абнаўляецца ў рэжыме рэальнага часу, таму дадзеныя могуць мяняцца на працягу дня.