Ад урагану „Кіяран” у Еўропе загінулі некалькі чалавек
Моцны ўраган «Кіяран» закрануў Гішпанію, Італію, Францыю ды іншыя краіны цэнтральнай і паўднёвай Еўропы.

У італьянскай правінцыі Таскана шторм выклікаў паводку. Ужо вядома як мінімум аб пяці загінуўшых. Агульная колькасць загінуўшых у краінах Еўропы ўжо большая за 10. Хуткасць ветру дасягае 207 кіламетраў за гадзіну. Ураган закрануў таксама поўдзень Англіі, Бельгію, Нідэрланды, Нямеччыну, атлантычнае ўзбярэжжа Гішпаніі і Партугаліі. У Бельгіі ад падзення дрэваў загінулі два чалавекі, адзін з іх — пяцігадовае дзіця.
У многіх рэгіёнах з-за ўрагану адсутнічае электрычнасць, грамадскі транспарт ходзіць з перабоямі. У Гішпаніі з-за ўрагану пачаліся лясныя пажары. У Францыі больш за мільён дамоў засталіся без электрычнасці. Ад ліўняў пакутуюць таксама Славенія і Харватыя.
Паводле меркавання навукоўцаў, глабальнае пацяпленне прыводзіць да таго, што ўзрастае розніца тэмператур на поўдні і поўначы Еўропы, з-за чаго на мяжы цёплых і халодных абласцей фармуюцца анамальныя атмасферныя франты. Яны робяцца прычынай ураганаў і праліўных дажджоў.
Беларускае Радыё Рацыя
