Адна Кніга на ўсе Шулякі



 

Вёска Шулякі Зэльвенскага раёна знаходзіцца на мяжы двух раёнаў Зэльвенскага і Слонімскага. У пачатку XIXстагоддзя вёска была ўласнасцю Пуслоўскіх. Сяляне тады мелі 15 дзесяцін зямлі. А ў канцы XIXстагоддзя вяскоўцы мелі ўжо 405 дзесяцін зямлі.

У 1998 годзе Шулякі налічвалі 12 двароў і 16 жыхароў. А ў самым пачатку ХХIстагоддзя там пражывалі толькі 11 вяскоўцаў.

У нядзелю, 19 кастрычніка, наш карэспандэнт вырашыў наведаць Шулякі. Тым больш, што вёска знаходзіцца каля самай шашы Слонім-Зэльва, за пятнаццаць кіламетраў ад Слоніма і дваццаць кіламетраў ад Зэльвы.

І хоць заўсёды па колькасці насельніцтва гэта вёска была невялікай, у ёй усё ж нарадзілася некалькі вядомых асобаў Беларусі. Але мне хочацца прыгадаць адну жанчыну – Ганну Дзянішчык – жонку беларускага пісьменніка і літаратуразнаўца Адама Бабарэкі (1899-1938).

У шулякоўскую дзяўчыну Адам закахаўся з першага позірку. Яна хутка стала яго жонкай і была побач з ім усё яго кароткае жыццё. Стрыечным братам Ганны Дзянішчык быў Янка Бялькевіч (1883-1960), аўтар “Краёвага слоўніка ўсходняй Магілёўшчыны”.

[Not a valid template]

Лёс усіх іх быў трагічным. Цяпер у Шуляках ніхто пра Дзянішчыкаў не згадвае, ды і няма каму згадваць. У вёсцы жыве толькі адна жанчына Вольга Кніга.

“Напішыце пра мяне, што з шулякоўцаў я жыву тут адна і дажыла да 85 гадоў. А больш ніхто ў вёсцы не жыве. Некалькі чалавек пакуплялі сабе дамы пад дачы, але яны ў вёску прыязджаюць толькі летам,” – сказала Вольга Кніга.

– А ці жылі ў Шуляках вяскоўцы з прозвішчам Дзянішчык? – запытаўся ў жанчыны.

– Былі-былі такія. Але ўсе памерлі. А дзе іх дзеці і ўнукі жывуць, я не ведаю,- сказала Вольга Кніга.

Дарэчы, па прыпісцы ў Шуляках, як сказалі ў мясцовым сельскім Савеце, лічыцца каля дзесятка чалавек, а не толькі адна Кніга.

А летам, калі прыязджаюць дачнікі, у Шуляках люду збіраецца больш. Толькі сумна ў вёсцы цяпер. Адна вясковая вуліца нагадвае, што вёска сваё аджыла. Шмат пустых хатаў, гнілы плот, голыя кусты і апалае жоўтае лісце наганяюць у Шуляках самоту і адзіноцтва.

Зрэд часу праедзе калгасны трактар, які угнойвае палі. Смурот ад гэтага стаіць на ўсім наваколлі, што хочацца хутчэй развітацца з закінутай лёсам вёскі Шулякі.

Барыс Баль. Беларускае Радыё Рацыя. Зэльвенскі раён

Фота аўтара.