Аднаўленне чыгуначных зносін з Расеяй будзе паэтапным



Аднаўленне чыгуначных зносін з Расеяй будзе паэтапным, заявіла прэс-служба Беларускай чыгункі.

Як паведамлялася раней, у адпаведнасці з рашэннем урада Расейскай Федэрацыі 8 лютага аднаўляюцца міжнародныя пасажырскія зносіны паміж Беларуссю і Расеяй.

Паводле інфармацыі Беларускай чыгункі, на першапачатковым этапе будзе арганізаванае курсаванне цягніка № 2/1 Менск — Масква фармавання Беларускай чыгункі адпраўленнем з Менска па цотных, а з Масквы — па няцотных днях.

З Менска цягнік № 2/1 будзе адпраўляцца ў 22.10 і прыбываць у Маскву ў 8.13. З расейскай сталіцы цягнік адправіцца ў 22.13 і прыбудзе ў Менск у 7.26.

На гэтым этапе па тэрыторыі Беларусі цягнік будзе ісці без пасадкі і высадкі пасажыраў на станцыі Орша-Цэнтральная. На тэрыторыі Расеі ён будзе рабіць прыпынкі на станцыях Смаленск і Вязьма.

Прадугледжваецца таксама прыпынак цягнікоў № 30 Калінінград — Масква і № 29 Масква — Калінінград на станцыі Менск-Пасажырскі. Рэалізацыя праязных дакументаў будзе ажыццяўляцца толькі для праезду ў зносінах Менск — Масква і назад. Пры гэтым пасажыры змогуць набыць праязныя дакументы пры руху з Мінска да станцый Смаленск, Вязьма, Гагарын і ад названых станцый да станцыі Менск-Пасажырскі.

Пры праездзе пасажырам настойліва рэкамендаванае выкарыстанне сродкаў індывідуальнай аховы органаў дыхання, адзначылі ў Беларускай чыгунцы.

Беларуская магістраль працягне ўзаемадзеянне з ААТ „РЖД” па паэтапным аднаўленні графіка руху міжнародных цягнікоў у зносінах з Расейскай Федэрацыяй, пра што будзе аператыўна інфармаваць пасажыраў, паведаміла прэс-служба.

Чыгуначныя пасажырскія зносіны паміж Беларуссю і Расеяй былі прыпыненыя 5 красавіка 2020 года на падставе рашэння Расспажыўнагляду. Абмежаванні былі ўведзеныя на фоне распаўсюджвання каронавіруса.

belapan.by