Аднаўляецца аўтобуснае злучэнне Пінск-Берасце-Варшава
Беларуска-польская мяжа пакрокава вяртаецца да нармальнага жыцця. Стала вядома пра аднаўленне чарговага транспартнага спалучэння. Гэтым разам аўтобусаў Пінск-Берасце-Варшава:
– Рэйсы да і з Варшавы будуць адноўленыя з 17 ліпеня, то бок літаральна праз тыдзень. Менавіта такая інфармацыя была агучаная адміністрацыяй Берасцейскага аўтавакзала.
Аўтобусы адновяць сваю працу па пятніцах і нядзелях. З Пінску яны будуць адпраўляцца а 4-ай раніцы, а з Берасця — а 7-ай. У адваротны бок можна трапіць а 17-30 з Варшавы.
На дадзены момант каранцін у Беларусі для тых, хто прыязджае з-за мяжы, адменены. А вось для тых, хто рухаецца ў польскі бок, адменены толькі часткова — яго не мусяць праходзіць польскія грамадзяне, а таксама шэраг катэгорый, прадугледжаных законам.
Аліса Поль, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
Фота: b-g.by