Аднаўляецца аўтобуснае злучэнне з Польшчай
Аўтобуснае злучэнне з Польшчай можа быць адноўлена ў бліжэйшыя дні ў Берасці. З суботы, 23 траўня, плануюцца рэгулярныя рэйсы ў краіну-суседку:
– На заўтра, 23 траўня, запланаваны рэйс з Берасця ў Варшаву аб 11-ай гадзіне. Дадаткова аўтобус паедзе ў панядзелак, 25 траўня. На той жа дзень запланаваны рэйс Берасце – Бяла-Падляска.
Пры гэтым ад панядзелка да Бяла-Падляскі можна будзе трапіць штодня, гадзіны адпраўлення неабходна ўдакладняць на аўтавакзале, паколькі яны могуць мяняцца ў залежнасці ад даты.
Вядома, што адказнасць за перавозку пасажыраў узяў на сябе польскі бок. Адміністрацыя вакзала таксама звяртае ўвагу на тое, што расклад можа мяняцца штодня — усё будзе залежыць ад эпідэміялагічнай сітуацыі.
Тым, хто вырашыць ехаць з Беларусі ў Польшчу, неабходна памятаць пра праходжанне 14-дзённага каранціну. Таксама пры выездзе з беларускага боку пасажыры падпісваюць адпаведны дакумент, што яны вандруюць у эпідэміялагічна небяспечны час.
Аліса Поль, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
Фота b-g.by