Аднавілася аўтобуснае спалучэнне паміж Берасцем і Варшавай
Пра гэта сведчаць фірмы перавозчыкі, а таксама інфармацыя абноўленага міжнароднага раскладу на афіцыйным сайце „Берасцейскага аўтавакзала”.
Падрабязней кажа Павел Анушка, кіроўца і прадстаўнік адной з такіх фірмаў:
– Беларускія перавозчыкі, аўтавакзалы дабіліся, праціснулі праз Кабінет міністраў, пастанаўлення, пра вызвалення кіроўцаў міжнародных аўтобусаў 14-дзённага каранціна. Пачынаем штодзённае курсаванне Варшава – Берасце. Адпраўленне а 12:30 з берасцейсага аўтавакзала, білеты можна пакупаць на сайце wizy.pl або на сайце аўтавакзала, а таксама на tickets.by. Білеты з Варшавы прадаюцца на інтэрнэт-пляцоўцы dworzeconline.pl.
Нягледзячы на аднаўленне спалучэння паміж Берасцем і Варшавай, кіроўцы нагадваюць пра абмежавальныя захады, якія працягваюць дзейнічаць ва ўмовах распаўсюду каронавіруса:
– Перад выездам у вас павінны быць пацверджанні месца прыбывання на каранціне, таксама ўсе дакументы звязаныя з вашай працай, што вы насамрэч едзеце працаваць. Трэба сябе добра адчуваць, каб ня дай Бог у вас не было тэмпературы. Наяўнасць любой павышанай тэмпературы вышэй 38 градусаў аўтаматычна разварочвае вас і ўвесь бус. Хто ў ім знаходзіцца таксама будзе вернуты ў Беларусь адразу ж на каранцін 14-дзённы. У нас атрымліваецца па 9 чалавек у аўтобусе, таму ва ўсіх правяраем тэмпературу, таму мінімальная верагоднасць таго, што вас вернуць.
Інфармацыя пра аднаўленне пасажырскіх перавозак між Берасцем і Варшавай з’явілася днямі раней, але без згаданых зменаў на практыцы рэалізаваць такія перавозкі было не магчыма.
Беларускае Радыё Рацыя