Адрыядыка. Венецыянскі блокпост



Уплываць на суседзяў можна пры дапамозе войскаў. Ці інфармацыйных тэхналогій. Ці эканамічнага ціску. Святлейшая Рэспубліка Венецыя, як яна афіцыйна называлася ў Сярэднявеччы, ціснула на суседзяў усімі трыма спосабамі. Венецыянцы зацята ваявалі з лютымі канкурэнтамі з Генуі і Пізы. Пашыралі ўплыў на заваяваных землях Міжземнамор’я пры дапамозе святароў і юрыстаў. Пракладалі ўсё новыя гандлёвыя маршруты і дыктавала эканамічную волю слабейшым партнёрам.

Для абароны негацыянтаў тыя венецыянцы і збудавалі па ўсёй Адрыятыцы вартавыя вежы, па-сутнасці — блокпосты, калі гаварыць сучаснай вайсковай тэрміналогіяй. А такой вежы купцы маглі пераначаваць, пакінуць на нейкі час тавар, а таксама адседзіцца ў разе небяспекі.

Адна з такіх вежаў-блокпостаў, узведзеная шэсцьсот гадоў таму, выдатна захавалася на мяжы Грэцыі і Албаніі. Вузкія байніцы для арбалетчыкаў, прадуманая сістэма абароны. У разе, калі вораг захопліваў ніжні ярус, абаронцы маглі перабіць нападнікаў праз адмысловыя адтуліны ў падлозе другога паверха.

Вежа перажыла колькі аблог і як мінімум тры землятрусы і амаль не пацярпела. Непадалёк венецыянскага блокпоста стаіць фартэцыя, збудаваная туркамі, з невысокімі мурамі і вежай у два разы ніжэйшай за венецыянскую. Тую фартэцыю захоплівалі ўсе, хто толькі хацеў. А вось венецыянскую вежу – ніколі. Дужыя муры не бралі нават гарматы, пра што сведчаць сляды на камянях і колькі ядраў, якія можна пабачыць навокал.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя