Аэрапорт і агні начнога Стамбула з вышыні палёту



Міжнародны аэрапорт Стамбула – адзін з самых вялікіх у свеце. Ён адкрыўся ў 2018 годзе, а  паўнавартасны ўвод у эксплуатацыю адбыўся ў красавіку 2019 года. Аэрапорт знаходзіцца прыкладна ў 35 кіламетрах ад горада, злучаны з метро і абслугоўвае вялікую колькасць пасажыраў на плошчы 76,5 мільёна квадратных метраў. На даху будынка маглі б змясціцца 58 футбольных палёў.

Фота: dreamtravel.ua

Як планавалася, ён павінен быў абслугоўваць да 150 мільёнаў пасажыраў штогод і выконваць рэйсы больш як у 350 напрамках.  Нягледзячы на пандэмію, за перыяд з красавіка 2019 па студзень 2021 праз яго прайшло 76 852 600 пасажыраў. І сапраўды, калі паглядзець на табло рэйсаў, адначасова можа вылецець аж шэсць самалётаў, а пасля яшчэ праз 5 хвілін амаль такая ж іх колькасць.

На першы погляд, на такой мільённай тэрыторыі квадратных метраў нават можна заблукаць. Але, калі кіравацца ўсімі ўказальнікамі, то без праблем знаходзіцца патрэбны тэрмінал. На тэрыторыі аэрапорта, на плошчы 55 000 квадратных метраў, працуе 291 крама.

Калі падлятаеш да самага густанаселенага горада Турцыі ўначы, ён зачароўвае сваімі агнямі, хоць Стамбул нават і не ўваходзіць у пяцёрку самых асветленых гарадоў свету. Але ляціш і захапляешся рознакаляровым калейдаскопам, які ў думках пераносіць цябе ў нейкую цудоўную ўсходнюю казку.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя