Аграсядзібы пераарыентаваліся на ўнутраны турызм
На Берасцейшчыне ўладальнікі аграсядзібаў, як і арганізатары лакальных этнакультурных фестываляў, кірмашоў, адміністрацыі музеяў пераарыентаваліся на ўнутраных вандроўнікаў.
На фоне вайны ва Украіне, сітуацыі вакол Беларусі, чакаць на замежных гасцей не выпадае, – адзначае намесніца старшыні Таварыства экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў Таццяна Хвагіна. Паводле яе слоў, пакуль больш станоўчых чаканняў у развіцці ўнутраных падарожжаў, асабліва з буйных гарадоў у глыбінку:
– Прыязджаюць людзі і ў іх цікавасць не толькі да нашага рэгіёну прывяла, яны кажуць: „У нас дэпрэсія. Вельмі прыемна, што мы прыехалі сюды, наш настрой узняўся. Мы пазнаёміліся з прыгожай мясцінай, мясцінай гістарычнай. Мы пабачылі палескія краявіды. Змяніўся настрой нават ад таго, што адкрылі новых людзей. Вось такі рухавік нам дапамагае зараз быць аптымістычнымі наконт таго, што падарожжа па Беларусі патрэбныя”.
Суразмоўца дадае, што сёлета маюць шанец, як мінімум не сысці ў мінус уладальнікі аграсядзібаў і базаў адпачынку, якія знаходзяцца каля вадаёмаў. Бо знік самы запатрабаваны турыстычны напрамак беларусаў – летні адпачынак на беразе Чорнага мора Украіны.
Беларускае Радыё Рацыя