Агратурыстычны кластар ствараюць у Пінску і Пінскім раёне
У Берасцейскай вобласці распрацоўваюць пілотны праект «Турыстычны рэгіён Прыпяцкае Палессе».
Праект накіраваны на павышэнне прывабнасці гэтага рэгіёну для падарожнікаў. Ініцыятыва аб’ядноўвае Пінск і яшчэ пяць паўднёвых раёнаў вобласці. Там плануецца стварыць інфацэнтр, 16 пешых, водных, веласіпедных і камбінаваных маршрутаў. Напрыклад, у Пінску і Пінскім раёне з’явіцца агратурыстычны кластар. У яго войдуць заказнікі «Сярэдняя Прыпяць» і «Простыр», санаторый «Ясельда», Пінскі лясгас, шэсць аграсядзібаў, цэнтр традыцыйнай культуры і побыту «Спадчына Палесся», «Днепра-Бугскі водны шлях», цэнтр турызму і краязнаўства.
«Кластарная ініцыятыва падтрымліваецца, каб стварыць турыстычны прадукт, забяспечыць бесперапынныя сувязі паміж арганізацыямі, комплексна займацца маркетынгавымі мерапрыемствамі. Напрыклад, па Прыпяці курсуюць круізны лайнер «Белая Русь» і прагулачныя суда. Іх пасажырам трэба дзесьці спыняцца, забаўляцца і харчавацца. Вольны час турыстаў забяспечваюць многія ўдзельнікі. Для гэтага ключавыя гульцы турыстычнага рынку Пінскага рэгіёну аб’ядноўваюцца ў кластар», – адзначылі ва ўпраўленні спорту і турызму.
Магчыма, з часам кластар будзе папаўняцца новымі ўдзельнікамі.
Нягледзячы на сваю самабытнасць і каларыт, Палессе — яшчэ недастаткова засвоены падарожнікамі рэгіён. Тут пакуль толькі фармуецца турыстычны прадукт. Удзельнікі кластара «Белая чапля» прапануюць разнастайныя магчымасці для адпачынку: актыўнага, экалагічнага, пазнавальнага.