Акерман – фартэцыя Вітаўта пад Адэсай



Акерманская фартэцыя, што непадалёк Адэсы, не такая вядомая, як іншыя ўкраінскія замкі — Хоцінскі, Луцкі ці той жа Львоўскі. Але пабываць там варта хаця б таму, што фартэцыя гэтая мае дачыненне і да нашай гісторыі…

Optimized-04_akerman

Ёсць цікавае сведчанне фламандскага рыцара Жыльбера дэ Ланоа, які пабываў ў тых краях у 1421 годзе. «Я праехаў праз пустэльні па Валахіі. І прыбыў ва ўмацаваны партовы горад на Вялікім моры, які называецца Монкастра ці Белгарад, дзе жывуць генуэзцы, валахі і армяне. У час майго знаходжання туды прыбыў Гедзігольд, намеснік Падоліі, каб заснаваць там новы замак, які і быў збудаваны названым Вітаўтам, у пустэльным месцы, дзе няма ані дрэва, ані камянёў; але называны намеснік прывёў з сабой 12 тысяч чалавек і 4 тысячы вазоў, нагружаных камянём і дрэвам».

З тых часоў фартэцыя трапляла ў рукі і малдаванаў, і генуэзцаў, і турак, і запарожскіх казакаў, і румынаў, і расейцаў. І кожныя новыя гаспадары перабудоўвалі Акерманскую фартэцыю на свой капыл, прыстасоўваючы яе для пэўных патрэбаў. У сценах крэпасці былі і партовыя склады, і гарнізон, і арсенал, і каранцін, і могілкі, і жылыя кварталы, і нават вязніца з катавальняй; пра гэту эпізод акерманскай гісторыі нагадвае калекцыя шыбеніц, паляў, ланцугоў ды іншага спецыфічнага рыштунку ў мясцовым музеі.

Цяпер Акерманская фартэцыя  – галоўная і, бадай, адзіная адметнасць Белгарад-Днястроўскага, пяцідзесяцітысячнага гарадка, які знаходзіцца за сценамі крэпасці. Праўда,  выглядае старажытная фартэцыя даволі занядбанай. Але ў гэтай занябданасці ёсць і свой цымус. Іншым разам аплылыя абарончыя валы і абсыпаныя зубцы сценаў спараджаюць  у наведвальнікаў куды багацейшыя гістарычныя і паэтычныя асацыяцыі, чым дбайна адрэстаўраваныя замкі, падобныя, хутчэй, да кінематаграфічных дэкарацый.

Optimized-03_akerman

Optimized-02_akerman

Optimized-01_akerman

Optimized-05_akerman

Optimized-06_akerman

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя