Ахвочых выехаць у Польшчу беларусаў стала зашмат



У пункце пропуску «Бераставіца» электронная чарга на платнае праходжанне мяжы расцягнулася ўжо на тыдзень.

Месцаў у платнай чарзе для легкавых машын на выездзе з Гарадзенскай вобласці ў Польшчу няма на тыдзень наперад, піша «Блог Гродно».

Цяпер у Польшчу можна трапіць толькі праз пункт пропуску «Бераставіца», найбліжэйшы да Гародні памежны пераход «Брузгі – Кузніца» не працуе. Чарга на выезд зараз фармуецца па меры прыезду аўтатранспарту на спецыяльную паркоўку, праўда, паводле слоў звычайных беларусаў, у зоне чакання смела можна правесці і дзень. Для тых, хто гатовы плаціць, прадугледжаная магчымасць паскоранага праезду – аўтамабіліст плаціць і браніруе сабе месца ў чарзе на канкрэтны час для праезду да мяжы.

Зараз жа ахвочых выехаць у Польшчу і гатовых плаціць за гэта стала так шмат, што найбліжэйшай датай для набыцця сабе месца ў чарзе ў Бераставіцы з’яўляецца 5 жніўня.