Александрыя антычная



За часамі Рымскай імперыі Александрыя Егіпецкая была трэцім горадам дзяржавы – пасля самое метраполіі і Карфагена.

У Рыме сляды імперскай мінуўшчыны можна сустрэць паўсюдна: Форум, Пантэон, Калізей, раён Траставэрэ, Апіева дарога… Руіны рымскага Карфагена месціцца на ўскраіне туніскай сталіцы і захаваліся даволі някепска.

А вось Александрыі ў гэтым сэнсе не пашэнціла: славуты антычны горад, дзе жыло каля мільёна чалавек, цалкам пахаваны пад сучаснай забудовай. Але калі адысці ад набярэжнай метраў на трыста, можна пабачыць мікраскапічны кавалак Александрыі часоў Юлія Цэзара, Герона і Гіпатыі.

Аплылы раскоп з парэшткамі тэрмаў, базілік і гарадскіх кварталаў абнесены высачэзным парканам з металёвай брамай. Брама зачыненая, прытым заржавелы замок, які, напэўна, адчынялі ў мінулым стагоддзі. Ані білетнай касы, ані экскурсійных стэндаў, ані гідаў, як у Рыме ці Тунісе… Аднак добразычлівыя паліцыянты, якія надарыліся непадалёк, падказалі мне, што руіны старажытнага горада можна агледзіць і задарма, калі пралезці праз дзірку ў паркане.

Руіны ўражваюць неверагодна. Магутныя калоны, хай і разламаныя, раскіданыя па ўсёй тэрыторыі раскопу. Тэрмы са сценамі палутараметровай шырыні, напэўна, прастаяць яшчэ тысячу гадоў. Захаваўся нават кавалак дарогі І-ІІ ст. н. э., прытым антычныя бардзюры выглядаюць куды акуратнейшымі за цяперашнія.

[Not a valid template]

Пасля экскурсіі па антычных руінах на сучасную Александрыю глядзіш зусім іншымі вачыма. Бязглуздыя бетонныя дзевяціпавярховікі, ангары і гаражы, які атачаюць парэшткі бліскучага некалі горада, муляць вока сваёй убогасцю.

І хочацца зноў пралезці ў дзірку ў паркане, каб занурыцца ў антычную рамантыку.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя