Алесь Цвірка: Да нас на аграсядзібу пачалі прыязджаць турыстычныя экскурсіі



Сёлетняя пандэмія каронавіруса прымусіла беларускіх аматараў вандровак і актыўнага адпачынку звярнуць увагу на маршруты па родным краі.

Уладальнік аграсядзібы “Запаведны востраў” на Глыбоччыне Алесь Цвірка паведаміў, што ў гэтым годзе ўпершыню да яго пачалі прыязджаць экскурсійныя турыстычныя групы.

– Зараз да нас прыязджаюць турыстычныя групы. Яны з Менску прыязджаюць, каб проста паглядзець на нас. Мне гэта было нават дзіўным. Але я бачу, як ім падабаецца. Яны прыязджаюць, мы іх кормім. Яны гуляюць. Мы іх катаем на нашым карабліку. Высаджваем на выспу. Прывозім да знаку “Цэнтр Еўропы”. Відаць, ім найперш падабаецца, як мы іх прымаем. У нас тут прыемная сямейная атмасфера.

Алесь Цвірка для такіх груп распрацаваў адмысловы маршрут па возеры Івесь. Турысты наверваюць выспу на возеры і знак “Цэнтр Еўропы”, які ўсталяваны ў вёсцы Івесь.

У час сёлетніх цяжкіх выпрабаванняў, звязаных як з каронавірусам, так і палітычнай сітуацыі ў краіне, падобныя вандроўкі спрыяюць псіхалагічнаму адпачынку.

Беларускае Радыё Рацыя