Алеся Лемантовіч: Экзітпол з’яўляецца даволі пашыранай практыкай
„Экзітполы ў шэрагу еўрапейскіх краінаў праводзяць тысячы валанцёраў. Адная з іх – Літва. Тут задзенічана каля трох дзясяткаў чалавек. Яны апытваюць беларускіх выбаршчыкаў на выхадзе з участкаў”, – распавяла „Госць Рацыі” грамадская актывістка Алеся Лемантовіч:
Што такое экзітпол у вашым разуменні?
– Экзітпол з’яўляецца даволі пашыранай практыкай. Гэта метад такога сацыялагічнага даследавання, якое праводзіцца падчас розных галасаванняў, рэферэндумаў. Гэта робіцца, каб праверыць яўку, колькі людзей паўдзельнічала ў галасаванні ці рэферэндуме. Таксама гэта робіцца для таго, каб прадказаць магчымыя вынікі рэферэндума ці галасавання. Трэцяе, што адбываецца ў нашым выпадку, гэта для таго, каб пацвердзіць тыя вынікі, якія будуць прадстаўлены ЦВК.
Як з’явілася ідэя правядзення экзітполу ў Літве?
– Сама гэта ідэя нарадзілася на хакатоне, які праводзіўся ў ліпені мне падаецца. Правядзенне экзітпола накіравана на тое, каб падлічыць галасы за мяжой. Трэба было стварыць нейкую цэнтралізаваную сістэму, каб гэта можна было зрабіць. Была зроблена прапанова правесці экзітполы, адзін з нашых арганізатараў даведаўся пра гэта. У нас ёсць розныя суполкі, групы і старонкі ў сацыяльных сетках. Такім чынам інфармацыя распаўсюдзілася, гэты чалавек стаў збіраць вакол сябе іншых аматараў. У мяне асабіста досведу правядзення такіх мерапрыемстваў не было. Я сама далучылася да гэтага не з пачатку, а крыху пазней.
Вашыя чаканні ад правядзення экзітполу?
– Мы спадзяемся, што людзі не будуць баяцца, будуць падыходзіць да нас. Людзям трэба будзе тлумачыць, што такое экзітпол, калі яны будуць падыходзіць да амбасады. Трэба будзе тлумачыць, чаму яны павінны ўдзельнічаць у экзітполе, калі ўжо прагаласавалі ў амбасадзе. Мы стараемся распаўсюдзіць у сацыяльных сетках як мага больш інфармацыі пра тое, што такое экзітпол, чаму гэта важна, чаму ў гэтым трэба ўдзельнічаць. Мы спадзяемся, што гэта будзе мець нейкі пэўны вынік. Калі казаць пра вынікі самаго экзітпола, то мы безумоўна разлічваем на тое, што ў нас атрымаецца падлічыць колькасць людзей, якія прыйшлі, каб прагаласаваць, а таксама зверыць гэтыя з дадзенымі, якія будуць прадстаўлены нашай беларускай амбасадай у Вільні. Таксама мы безумоўна хацелі б быць упэўненымі ў тым, што нашыя галасы будуць падлічаныя, што гэта будзе зроблена сумленна.
Сёння, 6 жніўня, чарговы дзень датэрміновага галасавання ў Беларусі. Да выбараў, як і да асноўнага дня галасавання засталося тры дні – яны адбудуцца 9 жніўня.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя