АПБ прапаноўвае паўдзельнічаць у чэмпіянаце па фатаграфаванні птушак
Гэта трэці зімовы чэмпіянат па фотабёрдынгу і, як і год таму, удзельнічаць у спаборніцтвах магчыма ў любым кутку Беларусі. У сувязі з марозамі чэмпіянат перанесены на 27 лютага.
***
20 лютага грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» запрашае фатографаў і аматараў дзікай прыроды на зімовыя спаборніцтвы па фатаграфаванні птушак. Гэта трэці зімовы чэмпіянат па фотабёрдынгу і, як і год таму, удзельнічаць у спаборніцтвах магчыма ў любым кутку Беларусі, паведамілі ў АПБ.
Для ўдзелу ў чэмпіянаце трэба знайсці партнёра ў каманду ці падрыхтавацца ўдзельнічаць самому (самой), падсілкаваць батарэі да свайго суперзума ці камеры з добрым аб’ектывам і фатаграфаваць дзікіх птушак у прыродзе, патлумачылі ў арганізацыі.
«А каб перамагчы ў чэмпіянаце, трэба 20 лютага за 6 гадзін – з 9:00 да 15:00 – наздымаць як мага больш розных відаў птушак» — адзачылі ў АПБ.
За кожны від налічваюцца балы. Прычым найбольш балаў за кожны від атрымаюць тыя, хто правільна вызначыць від сфатаграфаванай птушкі. Зрабіць гэта дапамогуць анлайн-вызначальнік або мабільны дадатак.
Падрабязныя правілы чэмпіянату, чэк-лісты індывідуальнага ўдзельніка або каманды можна спампаваць на сайце АПБ.
Каб зарэгістравацца на чэмпіянат, спампуйце форму простай заяўкі, запоўніце яе і дашліце на адрас [email protected]. Заяўкі прымаюцца да 17:00 пятніцы 19 лютага. Удзел у чэмпіянаце бясплатны. Чэмпіянат адкрыты і для ўдзельнікаў з іншых краін.
Па выніках будуць вызначаныя пераможцы і прызёры, таксама асобна будзе абраны найлепшы здымак. Як і на папярэдніх спаборніцтвах, журы можа ўвесці дадатковыя намінацыі і адзначыць яшчэ некалькі цікавых фота або ўдзельнікаў. Пераможцы атрымаюць прызы ад АПБ.
Фота Дзмітрыя Вінчэўскага, birdwatch.by