Апошні ва Украіне помнік Леніну



У працэсе дасаветызацыі ва Украіне на сёння захаваўся толькі адзін помнік Леніну. Знаходзіцца ён у сяле Вінаградаўка на паўднёвым захадзе Адзескай вобласці (Паўднёвая Бесарабія). У Вінаградаўцы жывуць гагаўзы і балгары.

Рашэнне пра дэмантаж помніка прынятае ўжо даўно, але мясцовыя жыхары не жадаюць развітавацца з Іллічом і нават пафарбавалі яго наноў залатой фарбай. Так і стаіць залаты Ленін на пашарпаным пастаменце.

18 кастрычніка 2017 года, калі мы падыходзілі да помніка ў сяле Вінаградаўка, ад групы мужчын, што стаялі злева ад помніка, пачуліся воклічы, якія можа было ўспрымаць, як паўжарт, а можна і ўсур’ёз: „Ближе, чем на 50 метров не подходить, стреляем!”. Калі мы патлумчылі, што „нам толькі сфатаграфаваць”, атрымалі адказ: „Тогда за деньги, это последний Ленин в Украине”. 

Але ў выніку – сфатаграфавалі апошні помнік Леніну бясплатна.

Паліна Сцепаненка, Беларускае Радыё Рацыя