Археолагі знайшлі магчымую грабніцу Ромула
Археолагі раскапалі грабніцу, якая, паводле іх меркаванняў, належыць Ромулу, заснавальніку і першаму цару Рыма, паведамляе Agence France-Presse.
Яшчэ ў канцы XIX стагоддзя італьянскі вучоны Джакама Боні агучваў гіпотэзу, што на Рымскім форуме (месцы, прызначаным для публічных сустрэч у старажытнасці) можа быць пахаваны адзін з заснавальнікаў Рыма, цар Ромул. Нядаўнія раскопкі Археалагічнага парка Калізея былі заснаваны на работах даследчыка. Яго гіпотэза пацвердзілася – у рымскім падзямеллі знойдзена грабніца даўжынёй 1,40 м. На думку вучоных, грабніцы не менш за 2,5 тыс. гадоў.
Паводле легенды, браты-блізняты Ромул і Рэм – заснавальнікі Вечнага горада. Праўда, яны не дамовіліся аб месцы для горада і аб падзеле ўлады, а таму пасварыліся; у выніку Ромул забіў Рэма. У далейшым Ромул стаў першым царом Рыма. Горад быў названы ў яго гонар. Ромул кіраваў Рымам 36 або 37 гадоў, а потым бясследна знік. Сенатары абвясцілі, што цар адправіўся на нябёсы і стаў адным з багоў.
Вучоныя да гэтага часу спрачаюцца наконт смерці Ромула. Найбольш распаўсюджаная версія заключаецца ў тым, што ён быў забіты разгневанымі сенатарамі, якія, расчляніўшы яго, пахавалі кускі цела ў розных месцах горада. Гэта тэорыя гаворыць на карысць таго, што ў Ромула не можа быць магілы.
Археолагі парка Калізей пакуль не могуць з упэўненасцю сказаць, ці на самай справе знойдзеная на тэрыторыі рымскага форума грабніца належаць Ромулу, але не выключаюць такой магчымасці. Вучоныя ўпэўнены, што іх адкрыццё пакладзе пачатак доўгім навуковым дэбатам.