Аршанскія школы, у якіх вучыўся і працаваў Уладзімір Караткевіч
У Воршы чатыры школы звязаныя з жыццём Уладзіміра Караткевіча – у трох ён вучыўся, а ў адной – працаваў настаўнікам.
Школа №3.
Школа, у якую Уладзімір Караткевіч пайшоў у першы клас у 1938 годзе. Пасля трэцяга класа летам 1941 года паехаў у Маскву да сястры Наталлі, якая вучылася там у хіміка-тэхналагічным інстытуце, пачалася вайна. Уладзімір Караткевіч трапіў у эвакуацыю ў Разанскую вобласць, потым на Урал у Молатаўскую (Пермскую) вобласць.
Падчас вайны школа №3 была зруйнаваная, таму вучыцца пасля вяртання з эвакуацыі Уладзімір Караткевіч там не мог і пайшоў вучыцца ў школу №1.
Школа №3 была адноўленая ў 50-ыя гады. У школьным музеі ёсць экспазіцыя, прысвечаная Уладзіміру Караткевічу
Школа №1.
Тут вучыўся Караткевіч пасля вяртання з эвакуацыі (цяпер гімназія №2).
У 1944 годзе сям’я Караткевічаў вяртаецца з эвакуацыі. З 1946 года пачынаюць жыць у новым доме (цяпер па Караткевіча 10). Уладзімір Караткевіч ідзе вучыцца ў школу №1. Школа зусім побач з домам.
Будынак 1906 года – былое Рэальнае вучылішча.
Там, дзе купал, быў астранамічны клас з мапай зорнага неба на столі, пад купал вяла вінтавая лесвіца. Адразу пасля вайны, калі купал быў пашкоджаны, там жыла вялізная сава – пугач. Распавядалі і мая бабуля, Лідзія Бязручка і дзед Пётр Бязручка, пра вялізнага пугача, які з крыкам вылятаў з-пад купала першай школы, праз стадыён у бок Дняпра.
Пра навучанне ў першай школе Уладзімір Караткевіч піша ў 1946 годзе ў лісце да Яўгеніі і Уладзіміра Усюкевічаў (цётка па маці і яе муж), якія жылі ў той час у Кіеве. Ліст напісаны па-расейску, рызыкну перакласці на беларускую мову:
“А хаджу ў школу цяпер а 8 раніцы. Вучыцца дастаткова цяжка, таму што няма кніг. Дырэктар цяпер у нас не той, што быў у мінулым годзе (нашмат лепей) і вучыцца пры ім значна лепей. Клас вельмі добры, дружны. Апрача таго, у нас цяпер вельмі добрая настаўніца па літаратуры. Так што па школе ў мяне, здаецца, усё добра. Вучуся я таксама някепска. Атрымаў дзве пяцёркі (па гісторыі і геаграфіі), некалькі чацвёрак (у тым ліку па геаметрыі, літаратуры і анатоміі)”.
У 1948 годзе Уладзімір Караткевіч зноў піша Усякевічам пра першую школу:
“Вучуся я, здаецца някепска. Двоек няма, але па матэматыцы вельмі цяжка. Наш Калецкі (ён яшчэ Наташу вучыў) – (Наташа – старэйшая сястра Уладзіміра Караткевіча) строгі і страшна патрабавальны”.
У лісце ад 19 траўня 1955 года Віктару (сябру сям’і Караткевічаў ў Воршы) Уладзімір Караткевіч згадвае настаўнікаў першай школы не самым добрым словам, адчуваецца наяўнасць канфліктаў:
“Я прарок, і вы гэта ведаеце. Варагаваў я са Спадабаевым, Чарняком і Грачыхай – самі бачыце, як ім давялося. Усё збываецца з прадказанага мною”.
Са словаў жыхароў сучаснай вуліцы імя Караткевіча вядома, што Спадабаеў працаваў ў школе №1 настаўнікам біялогіі, жыў на адной вуліцы з Караткевічам (на супрацьлеглым баку, там, дзе цяпер фабрыка “Ніць”), меў сямёра дзяцей, шыкоўны кветнік, а калі выпіваў казаў; “Я сын княгіні”. Меў незвычайную знешнасць – высокі, хударлявы з тварам, які можна было бы назваць арыстакратычным. У 1950 гады па нейкай прычыне быў звольнены з першай школы, якая была самая прэстыжная ў горадзе, і працаваў ў школе №7 далёка ад свайго дома і ад дома, дзе жыў Караткевіч.
Яфім Чарняк напрыканцы 40-ых гадоў – дырэктар першай школы, меў сям’ю – жонку і дзвюх дачок, з якімі жыў у кватэры пры школе. Па словах жыхароў сучаснай вуліцы Караткевіча, Яфім Чарняк быў прыгожым, абаяльным, разумным і вясёлым чалавекам. Траніў ў турму за парушэнні, які знайшлі ў школе, пасля вяртання з-за кратаў працаваў дырэктарам вясковай школы.
Падчас вучобы ў першай школе Уладзімір Караткевіч пісаў апавяданні і вершы, Настаўніца Грыневіч, кіраўніца школьнага літаратурнага гуртка, падтрымлівала яго. Вершы, аповесць «Загадка Неферціці», а таксама ўласнаручныя малюнкі да іх з’явіліся ў рукапісным школьным часопісе «Званочак».
Школа №5.
Апошні клас Уладзімір Караткевіч скончыў ў школе №5, якая знаходзілася дастаткова далёка ад дома – у Задняпроўі. Каб трапіць туды, трэба было дайсці да маста праз Дняпро і перайсці на іншы бераг Дняпра.
Пра абставіны пераходу ў задняпроўскую школу згадвае школьны знаёмы Уладзіміра Караткевіча – Захар Пейсаховіч, які нарадзіўся ў Воршы, а ў 1992 годзе пераехаў у ЗША, Філадэльфію:
“З Валодзем Караткевічам я вучыўся ў сярэдняй школе № 1 у Воршы. Валодзя быў старэйшы за мяне на 3 гады. У яго класе было шмат вучняў, якім споўнілася 16, 17, 18 гадоў – іх вучобу перапыніла вайна. Гэта былі самастойныя, якія шмат перажылі хлопцы. Іх вельмі паважалі і з імі лічыліся і настаўнікі, і, вядома, мы – вучні малодшых класаў. Валодзя сам ведаў, як складана супрацьстаяць настаўніку, які адносіцца да цябе прадузята. У яго такі канфлікт быў з настаўнікам матэматыкі, якому не падабалася, што вучань захоплены гуманітарнымі прадметамі, а не матэматыкай. З-за гэтага канфлікту, а таксама з-за перагружанасці класаў у СШ № 1 Валодзя і яшчэ некалькі яго аднакласнікаў восенню 1948 года перайшлі ў СШ № 5, якая пачала працаваць у 1947 годзе. І хоць дабірацца да гэтай школы даводзілася значна даўжэй, Валодзя быў задаволены. Матэматыку там выкладаў вельмі добры настаўнік, завуч школы Плоткин. У чэрвені 1949 года Валодзя атрымаў атэстат, па алгебры, геаметрыі і трыганаметрыі стаялі «чацвёркі».
Цяпер 5-ая школа змяніла сваё месцазнаходжання, сучасны будынак СШ №5, які ў Шафёрскім завулку збудаваны ў 1963 г.
Паводле сведчання паэта і барда Андрэя Мельнікава:
“Туды школу перанеслі з будынка, які перадалі інтэрнату. Там, на Чарняхоўскага і была СШ №5, а з 1963-га некалькі дзесяцігоддзяў пабыла інтэрнатам”.
Такім чынам школа №5, у часы, калі ў ёй вучыўся Уладзімір Караткевіч месцілася на вуліцы, якая цяпер называеецца Чарняхоўскага.
Школа №8.
Тут Караткевіч працаваў настаўнікам у 1956-1958 гадах. Старая школа, выходзіць фасадам на вуліцу Магілёўскую.
У 1956 годе пасля заканчэння ўніверсітэта і працы ва украінскай школе ў вёсцы Лісовічы. Уладзімір Караткевіч вярнуўся ў Воршу, дзе да 1958 года быў настаўнікам 8-й сярэдняй школы.
3 жніўня 1956 года ў лісце да сям’і Садавых (сям’я бацьквай сястры Вольгі Цімафееўны) у Маскву Уладзімір Караткевіч піша;
“Я таксама рады, што буду працаваць у 8 школе. Мне яна падабаецца, і я думаю, што я штосьці змагу там зрабіць. Я і сам хачу быць у ліку лепшых, гэта, ведаеце, часткова пытанне гонару”.
30 студзеня 1957 года ліст да сям’і Садовых:
“Працую някепска, перадаюць з усіх бакоў, здаецца добрыя водгукі. Пазаўчора было паседжанне літ.гуртка, дакладней літаратурна-драматычнага. Будзе сцэна з “Майскай ночы» сцэна з “Мёртвых душ”, сцэны з “Рэвізора” і “Жаніцьбы” . Я буду выконваць ролю Чычыкава ў сцэне з Каробачкай. Не памятаю, ці пісаў я вам, што на Новы год у нас быў конкурс вучняў-паэтаў. Выдалі шэсць прэмій, вершы былі някепскія. Я напісаў для вучняў навагоднюю інтэрмедыю ў вершах”.
Сям’і Садовых 14 траўня 1957 года:
“Ноччу прайшоў моцны дождж, цяпер зямля мокрая, дзень пахмурны, і так добра вее прахалодай у адчыненае вакно класа. Олухі мае пішуць сачыненне па Гогалю, троху нечаканае для іх, а я сяджу за сталом і таксама пішу. (…) Толькі пазаўчора зваліў спектаклем са спіны страшэнны цяжар драм/гурток, і цяпер мне пасвабодней, пакуль не пачаліся ўсе гэтыя сачыненні ды іншая мура. Але галоўнае не гэта. Галоўнае ў тым, што, як, напэўна, мама ўжо пісала, я ездзіў у Менск на семінар маладых і прабыў там два тыдні. Праходзіў гэты семінар не ў Менску, а ў Каралішчавічах, пісьменнцкі доме адпачынку пад Менскам. (…) І суседзі мне патрапіліся цудоўныя, з трыма мяне, здаецца будзе звязваць сяброўства. Вельмі таленавітыя хлопцы па прозвішчах Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін і Юрась Свірка. Пазнаёміўся і з некаторымі з рэпрасаваных калісьці і толькі цяпер атрымаўшых свабоду. Асабліва добра было з Юркам Гаўруком і Алесем Звонакам. (…) Ехаў я з Менска ў Воршу не на цягніку, а на новым венгерскім аўтобусе, вельмі зручным і прыгожым знешне. Вось толькі заела дзверы, і пасажыры з яго выйсці не маглі, давялося гадзіну прастаяць у Талачыне, пакуль не адрамантавалі”.
Выпускнікі школы №8, якія вучыліся там у 1956-1958 гадах павінны памятаць Уладзіміра Караткевіча-настаўніка, драматычны гурток, спектаклі і сачыненні па Гогалю, а таксама паэтычныя спаборніцтвы вучняў-паэтаў, якім Караткевіч выдаў шэсць прэмій.
Паліна Сцепаненка, Беларускае Радыё Рацыя