Асенняе Багданава – сцежкамі Фердынанда Рушчыца



Багданава – мясцовасць у сучасным Валожынскім раёне, гістарычнае паселішча Ашмяншчыны. З гістарычных крыніц яно ведама яшчэ з 16 стагоддзя пад незвычайнай і характэрнай назвай Галыпаны. Магчыма тут жылі нейкія зусім небагатыя, але фанабэрыстыя жыхары, якія атрымалі адпаведную мянушку. А можа назва пайшла ад збяднеласці нейкага роду. Прынамсі летапісы зафіксавалі прозвішча князя С. Галыпанскага, які валодаў маёнткам. Сённяшні тапонім Багданава не ўтрымвае ніякіх загадак. Мясцовым маёнткам у 16 стагоддзі валодалі браты Мікалай, Багдан Сапегі і іх родная сястра Тадора. У 1561 годзе трэцюю частку маёнтка Багдан Сапега запісаў сваёй жонцы княгіні Марыі Капусцянцы, а яшчэ праз 5 гадоў перайменаваў паселішча ў свой гонар. Багдан Сапега заснаваў тут мястэчка і меў дазвол ад караля праводзіць кірмашы, а таксама трымаць вольныя корчмы. Пасля Сапегаў Багданавым у розны час валодалі роды Пацаў, Данілевічаў, Чаховічаў.

З 1836 году Багданавым стаў валодаць род Рушчыцаў. Менавіта з яго паходзіць знакаміты мастак Фердынанд Рушчыц, якога шануюць і беларусы, і палякі. Шырока ведама карціна мастака „Ля касцёлу”, якая захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. Тагачасны касцёл не захаваўся, ён згарэў у другую сусветную вайну. Наступны храм на гэтым месцы таксама не збярогся – яго разабралі ў 1980-ыя. Зараз адбудаваны новы касцёл.

У Багданаве каля мясцовай школы ўсталяваны помнік Фердынанду Рушчыцу, тэкст на ім выкананы па-расейску. Пахаваны Рушчыц таксама ў Багданаве на мясцовых могілках.

Ведама мясцовасць і сваім чыгуначным вакзалам, прычым станцыя называецца не Багданава, а Багданаў. Ля гэтага вакзалу першай чвэрці 20 стагоддзя здымалася некалькі мастацкіх фільмаў. Побач з вакзалам старая воданапорная вежа. Паблізу таксама інфармацыйны ілюстраваны стэнд з адмысловым веламаршрутам „Па Валожынскіх гасцінцах”. На жаль, ён таксама па-расейску.

У самой вёсцы цікавая скульптурная кампазіцыя з укрыжаваным Хрыстом. Асенняе Багданава, у якім дастаткова шмат дрэваў, глядзіцца ў кастрычніцкую неяк асабліва сентыментальна.

[Not a valid template]

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара