Ашмяны – сталіца даўняга павета



Назву раённага цэнтру Ашмяны многія мясцовыя людзі да гэтай пары вымаўляюць у адзіночным ліку жаночага роду – Ашмяна. Тапонім відавочна балцкага паходжання, разгадаць значанне якога пакуль не ўдаецца. Мясцовасць, пра якую ідзе гаворка, знаходзіцца на Ашмянскім узвышшы і ёсць адной з сама высокіх у Беларусі над роўнем мора. Клімат тут крыху халаднейшы, а пладовыя культуры выспяваюць пазней чым у іншых навакольных рэгіёнах.

Упершыню ў пісьмовых крыніцах Ашмяна згадваецца пад 1341 годам як замак вялікіх князёў ВКЛ, які ў 1384-85 гадах адбіў напад крыжакоў. Статус гораду Ашмяне надаў вялікі князь Вітаўт, а магдэбургскае права яна атрымала ў пачатку 16-га стагоддзя. У 1432 годзе пад Ашмяной адбылася вялікая бітва паміж войскам вялікага князя Свідрыгайлы і супольнымі сіламі старадубскага князя Жыгімонта Кейстутавіча і князя Сямёна Гальшанскага – у гэтай жахлівай сечы палягло каля 14 тысяч ваяроў, а ў выніку Свідрыгайла быў змушаны адысці. У пачатку 16-га стагоддзя горад перанесены на іншае месца (Новая Ашмяна), старажытная частка (Старая Ашмяна) у 1505 годзе была адданая францішканцам. Неўзабаве Ашмяна стала цэнтрам аднаго з буйнейшых паветаў ВКЛ. У 1717 годзе ў павеце жыло каля 85 тысяч жыхароў.

Дзвесце гадоў таму, у вайну 1812 году, горад быў заняты напалеонаўскімі войскамі. А ў красавіку 1831-га тут адбылася значная падзея – выступ паўстанцаў на чале з Юзафам Зянковічам і Парфірам Важынскім. За падтрымку паўстання Ашмяна была разбурана расейскімі войскамі пад камандай палкоўніка Вяршуліна.

Ядро сучаснага гораду складае цэнтральны пляц, дзе ў адпаведнасці з старымі айчыннымі традыцыямі суседнічаюць храмы дзвюх асноўных канфесій – праваслаўная царква і каталіцкі касцёл.

А праз пару дамоў па цэнтральнай вуліцы, крыху ў глыбіні, стаіць вялікая драўляная сінагога 19-га стагоддзя, архітэктурных аналагаў якой мне бачыць не даводзілася нідзе. Характэрна, што сярод мясцовага насельніцтва ва ўсе часы тут не было сур’ёзных міжрэлігійных канфліктаў.

Праваслаўная царква пры саветах была амаль разбурана, у такім жа гаротным стане быў і мясцовы касцёл у мурах якога знаходзіліся вытворчыя і адміністрацыйныя памяшканні віленскага заводу радыёпрыладаў. Ваёўны атэізм і русіфікацыя ў гэтым рэгіёне былі асабліва моцнымі. Але час усё і ўсіх рана ці позна размяшчае па сваіх месцах. Сёння ашмянскія храмы служаць вернікам, працягваецца рэстаўрацыя касцёлу.

У самым цэнтры гораду і раённы краязнаўчы музей імя Францішка Багушэвіча. А на адным з дамоў паўстала пано з гістарычным сюжэтам. Непадалёк таксама інфармацыйны стэнд пра гістарычныя аб’екты Ашмяншчыны.

[Not a valid template]

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара