Асізы – «жывое» сярэднявечча італьянскай Умбрыі

Базіліка Святога Францыска ў манастыры Сакра-Канвента
Горад Асізы знаходзіцца ў дзвюх гадзінах язды ад Рыму. Горад на паўднёвым схіле гары Монтэ-Субазіа прываблівае турыстаў сваёй сераднявечнай гісторыяй, шматлікімі святымі месцамі, утульнай атмасферай і супакаеннем. Менавіта тут нарадзіўся і жыў заснавальнік ордэна францысканцаў, адзін з сама шанаваных у свеце святых – Францыск Асізскі. Чароўны горад прыцягвае паломнікаў з усяго свету. Акрамя ўсяго Асізы вельмі чысты горад у параўнанні з Рымам, таму нават звычайны шпацыр па сярэднявечных вулачках прынясе вам задавальненне.


За тры кіламетры ад Асізаў знаходзіцца знакамітая каталіцкая святыня, якая безумоўна варта ўвагі – папскі сабор Санта-Марыя-дэльі-Анджэлі. У ім захоўваюцца мошчы святога Францыска і некалькіх яго паслядоўнікаў. Знакамітая святыня прылічана да скарбаў сусветнай спадчыны і ахоўваецца ЮНЕСКА. Храм праслаўлены тым, што пабудаваны вакол капліцы, у якой у 13 стагоддзі Святы Францішак Асізскі атрымаў боскае благаславенне на распаўсюд слова Божага. У некаторых частках сабора забаронена рабіць здымкі. Каля выхаду з храма можна знайсці крамку з рэлігійнымі памяткамі, дзе кожны ахвотны можа набыць на памяць ружанец, свечку, бірульку, пярсцёнак, статуэтку ці паштоўку.
У самым сэрцы горада Асізы знаходзіцца кафедральны сабор Сан-Руфіна, пабудаваны ў гонар першага біскупа і заступніка горада — святога Руфіна. Пры ім у горадзе прынялі хрысціянства. У яго гонар асвечаны 3 храмы ў Асізах, але мошчы святога знаходзяцца менавіта ў саборы Сан-Руфіна. Паводле легенды менавіта ў гэтым храме хрысціліся святы Францішак і святая Клара, у гонар якой была пабудаваная базіліка Санта-К’яра.
Базіліка Святой Клары – храм, пабудаваны ў 13 стагоддзі, названы ў гонар святой Клары Асізскай, паслядоўніцы святога Францыска Асізскага і заснавальніцы ордэна кларысінак. Перад уваходам у храм ёсць назіральная пляцоўка з захапляльным выглядам на прасторы вобласці Умбрыя.
Галоўнай мэтай ў горадзе для паломнікаў ёсць базіліка Святога Францыска ў манастыры Сакра-Канвента. Храм, які знаходзіцца ў адным кіламетры ад цэнтра горада, вядомы як духоўны цэнтр ордэна францысканцаў. Храм ёсць месцам пахавання яго Святога заснавальніка, а таксама адной з шасці вялікіх базілік Каталіцкай Царквы. Характэрныя рысы святыні – фрэскі, якія ўпрыгожваюць цэнтральны неф ніжняй базілікі і ілюструюць жыццё святога Францыска. Меркавана роспіс вёўся ў 1260-1263 гадах. Працы выкананы ў старажытнай маляўнічай тэхніцы „аль секко” (жывапіс па сухой тынкоўцы).
Дабрацца да Асізаў з Рыма можна цягніком. Аднак чыгуначны вакзал знаходзіцца ў 4 кіламетрах ад горада. Да цэнтра можна даехаць мясцовым аўтобусам з мястэчка Santa Maria degli Angeli, адкуль кожныя паўгадзіны курсуюць аўтобусы непасрэдна да Асізаў.





















Беларускае Радыё Рацыя
