Аснова жывёлагадоўлі Камбоджы
Традыцыйны гадаванец беларускай вёскі — парсюк. Рухомы вільготны лычык, рахманыя вочкі з кранальнымі вейкамі, залацістая шчэць і хвосцік, падобны да апострафа — усё гэта выклікае шчырае замілаванне і натхняе на найбольш багатыя фантазіі, ад кулінарных да літаратурных.
У Камбоджы, вядома ж, таксама ёсць парсюкі, але не такія, як у нас: чорныя ці рабыя, з доўгімі драпежнымі мыскамі, яны больш нагадваюць валацужных сабак, чым шляхетных парнакапытных з гаспадарскага хлеўчыка дзе-небудзь на Гомельшчыне. Дый свінагадоўля — не самы выгодны занятак у Паўднёва-Усходняй Азіі: у кхмерскай вёсцы за дабрача адгадаванага кабана просяць усяго 300-400 даляраў.
Куды большы гешэфт прыносіць гадоўля кракадзілаў: скуры — на партманеткі і радыкюлі, мяса — на рынак і ў рэстарацыі, косткі – для фармацэўтычных патрэбаў. Кракадзілы непераборлівыя, не надта капрызлівыя, і, да таго ж — не схільныя да пнеўманіі, чумы і, вядома ж, свінога грыпу. Затое прыбытак прыносяць куды большы, чым кабаны.
Кракадзілавая ферма чымсьці нагадвае канцлагер: бетонныя загародкі, колькі басейнаў з каламутнай вадою і агароджы, падазрона падобныя да кратаў. Кракадзілаў тут проста безліч – нават гаспадар не ведае іх дакладную колькасць. Яны ляжаць нерухома і амаль не рэагуюць на людзей, пакуль не настае час харчавання. Кормяць рэптылій па-варварску — жывымі курамі. Звар’яцелую ад жаху птушку падкідаюць над штабелем чорных зубастых істотаў, і тут – пачынаецца! Ляскат пашчаў, плясканне хвастоў, смяротная бойка, падчас каторай адзін кракадзіл можа нават адкусіць нагу суседу… Курыца нейкім цудам пазбягае пашчы рэптыліі і па спінах іншых драпежнікаў кідаецца ратавацца ў басейн, але там яе ўжо чакае другі кракадзіл. А гаспадар кракадзілярыя тым часам выцягвае з меха чарговую курыцу…
…Праз колькі гадзінаў пасля гэтага крывавага шоу ты сядзіш у мясцовым рэстаранчыку і, праглядаючы меню страваў з кракадзіляціны, міжволі разважаеш пра мультыкультуралізм і талерантнасць. А яшчэ дзякуеш Богу за тое, што ён даў беларусам менавіта парсюкоў. Інакш не было бы ў нашай традыцыі ані чаркі са скваркай, ані «Смалення вепрука» Міхася Стральцова.
[Not a valid template]
Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя