„Аўгустоўскі канал” плануе прыняць 50 тысяч замежных турыстаў
У 2017 годзе парк „Аўгустоўскі канал” плануе прыняць да 50 тысяч замежных турыстаў у рамках дзеяння пяцідзённага бязвізавага рэжыму, паведаміў начальнік упраўлення спорту і турызму Гарадзенскага аблвыканкама Алег Андрэйчык 1 чэрвеня на пасяджэнні ў Менску Міжведамаснага экспертна-каардынацыйнага савета (МЭКС) па турызме пры Саўміне.
„З 26 кастрычніка 2016 года магчымасцю бязвізавага наведвання парку ўжо скарысталіся каля 17 тысяч турыстаў з 60 краін, а з 28 красавіка 2017 года пунктам пропуску „Лясная — Рудаўка”, які адкрыўся ў тэставым рэжыме для веласіпедыстаў і пешаходаў, скарыстаўся 431 чалавек”, — цытуе кіраўніка ўпраўлення прэс-служба Міністэрства спорту і турызму.
„Мяркуецца, што ў 2017 годзе магчымасцю прыехаць да нас без візы скарыстаюцца да 50 тысяч замежных турыстаў, — сказаў Андрэйчык. — Да 2020 года плануецца стварэнне 30 турыстычных маршрутаў, 25 аграсядзіб і іншых сродкаў размяшчэння, 100 тысяч турыстаў у год, рамонт больш за 30 км аўтамабільных дарог”.
Паводле яго слоў, у 2016 годзе на Аўгустоўскім канале праведзена 18 буйных мерапрыемстваў, не лічачы турыстычных злётаў, якія наведала 71,3 тысячы чалавек (у 2015 годзе — 14 мерапрыемстваў і 68,5 тысячы чалавек), цеплаходам „Нёман” перавезена 16,7 тысячы чалавек (у 2015 годзе — 15,6 тысячы). На 2017 год запланавана больш за 30 розных мерапрыемстваў. Наведвальнасць парку вырасла амаль у сем разоў.
Тым не менш, адзначыў Андрэйчык, застаецца нямала праблем, звязаных з неабходнасцю пашырэння транспартнай даступнасці парку, далейшага развіцця яго інфраструктуры, зняцця бар’ераў, якія перашкаджаюць арганізацыі трансгранічнага суднаходства па Аўгустоўскім канале і рацэ Нёман.
Аўгустоўскі канал — гідратэхнічнае збудаванне XIX стагоддзя, адзін з найбуйнейшых каналаў Еўропы. Ён знаходзіцца на тэрыторыі Польшчы і Беларусі. Беларуская частка — гэта водная артэрыя па рэчышчы ракі Чорная Ганьча працягласцю 22 км, шырынёй 20—25 м, сярэдняй глыбінёй 2 м і непастаянным узроўнем вады, які рэгулюецца на тэрыторыі Польшчы. Цяпер сумесна з польскім бокам рыхтуецца дасье па ўключэнні Аўгустоўскага канала ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
У адпаведнасці з указам прэзідэнта ад 9 студзеня 2017 года пяцідзённы бязвізавы рэжым для грамадзян 80 дзяржаў, якія прыбываюць у краіну праз Нацыянальны аэрапорт Мінск, пачаў дзейнічаць 12 лютага гэтага года.