Аўгустоўскі канал запрашае сяброў
Беларуска-польскі турыстычны форум і рэгіянальнае свята “Аўгустоўскі канал запрашае сяброў” пройдуць у раёне шлюза Дамброўка 21-га траўня. Прадстаўнікі турыстычных фірмаў суседніх краін маюць намер абмеркаваць шляхі далейшага супрацоўніцтва і развіцця турыстычнай галіны транспамежнага рэгіёна.
Як зазначае намеснік старшыні рэспубліканскага турыстычна-спартыўнага саюза Сяргей Каляда, у першую чаргу размова пойдзе пра эфектыўнае выкарыстанне патэнцыялу Аўгустоўскага канала і прыцягненне сюды замежных турыстаў:
– Аўгустоўскі канал стаў своеасабліваю брамай для актыўнай турыстыкі. Нашыя польскія сябры прыходзяць на байдарках па Аўгустоўскім канале, а пасля мы іх накіроўваем далей па Беларусі. Цікавасць для спартыўных турыстаў – гэта правядзенне спартыўных турыстычных фестываляў, куды можна было б прыехаць замежным турыстам і паўдзельнічаць.
Падчас правядзення мерапрыемстваў будзе ўрачыста адкрыты музей гісторыі Аўгустоўскага канала. Экспазіцыя месціцца ў былым доме даглядчыка на шлюзе Дамброўка.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота grodnonews.by
