Аўгустовак – адна з сядзібаў караля Станіслава Панятоўскага



Беларускае Радыё Рацыя ўжо расказвала пра адну з сядзібаў апошняга караля Рэчы Паспалітай Панямонь, што на ўскрайку Гародні. Зараз пра іншую гарадзенскую даўнюю манаршую рэзідэнцыю.

Іншая рэзідэнцыя Станіслава Аўгута Панятоўскага ў занёманскай частцы Гародні – Аўгустава ці Аўгустовак. Зараз гэта сучасная вуліца Рэпіна, на якой мала што змянілася з савецкага часу.

Сядзіба забудоўвалася ў 1770-ыя гады. Зафіксаваны сімвалічны факт, што якраз у час апошняга Сойму Рэчы Паспалітай у 1793-ім годзе ведамыя астраномы Марцін Пачобут-Адляніцкі і Ян Снядэцкі назіралі з тэрыторыі Аўгустоўка сонечнае зацьменне. Будынак самога палацу не захаваўся (яго выгляд можна ўбачыць на старой нямецкай паштоўцы), ён быў спалены ў час першай сусветнай вайны.

Захаваўся толькі адноўлены будынак карчмы на старым падмурку – там размяшчаўся клуб дзіцячай творчасці.

З іншага боку будынку да яго зараз не падабрацца – на агароджанай тэрыторыі вядуцца працы па замене і рамонту падземных камунікацый.

Маёнтак займаў досыць вялікую тэрыторыю – разам з лугам, лесам і фальваркамі каля 12 га. Пасля прыходу сюды расейскай імперыі сядзібай валодаў старажытны ірляндска-нарманскі род О’Браен дэ Лясы – першым яго з’яўнікам тут быў генерал Маўрыкій дэ Лясы. Апошняя прадстаўніца роду 16-гадовая Нэлі О’Браен дэ Лясы паспела выехаць з Гародні разам з маці перад самым прыходам бальшавікоў. Пазней яна выйшла замуж за немца і пераехала на стала ў Аргенціну. Там яна здабыла шырокую ведамасць як мастачка. У сярэдзіне дзевяностых гадоў спадарыня Нэлі разам з мужам наведала горад свайго дзяцінства і прывезла выставу твораў. Яе акварэлі з выявай берагоў па той бок Атлантычнага акіяну запомніліся нашым аматарам жывапісу.

Дзякуючы Нэлі О’Браен і неабыякавым людзям была адрэстаўраваная фамільная каплічка на вуліцы Рэпіна, якая некалі служыла таксама пахавальняй і дзе знайшоў апошні спачын яшчэ перад вайной бацька мастачкі. Пры саветах капліца была паўразбурана і служыла нейкім складам, дзе стаялі бочкі з палівам. Зараз яна ў дагледжаным стане.

Набажэнствы тут ідуць зараз у часовай драўлянай капліцы, якая функцыянуе ўжо дастаткова доўга.

А побач са старой капліцай інтэнсіўна ідзе будаўніцтва новага каталіцкага храма.

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара