Аўстрыя пачне выхад з каранціну з 19 мая



Канцлер Аўстрыі Себасцьян Курц распавёў сёння на канферэнцыі, што наведваць аб’екты культуры, турызму, спорту і грамадскага харчавання, якія адкрываюцца з 19 мая, у Аўстрыі можна будзе пры наяўнасці спецыяльнага сертыфіката. 

„Як і абяцана, 19 мая па ўсёй Аўстрыі ўстановы гастраноміі, турызму, культуры і спорту нарэшце змогуць адкрыцца”, – сказаў канцлер.

Трапіць у аб’екты названых сфер можна будзе толькі пры наяўнасці спецыяльнага сертыфіката – „зялёнага пашпарта” для людзей, якія маюць адмоўны тэст на каронавірус, якія прышчапіліся, перахварэлі каронавірусам і валодаюць антыцеламі. „Важна, каб адна з гэтых умоваў была выканана”, – падкрэсліў Себасцьян Курц.

Канцлер канстатаваў, што колькасць хворых на COVID-19 у Аўстрыі зніжаецца, расце колькасць тых, хто прышчапіўся ад каронавірусу. Пры гэтым праводзіць масавыя святы і вяселлі па-ранейшаму будзе забаронена. З 17 мая школы перавядуць заняткі на вочную форму навучання.

У Аўстрыі з 19 мая пасля каранцінных абмежаванняў, якія дзейнічалі з лістапада 2020 года, дазволяць дзейнасць гасцініц, тэатраў, спартыўных пляцовак, рэстаранаў, фітнес-цэнтраў. У цяперашні час у краіне ўжо адкрыты гандлёвыя цэнтры і музеі. Наведваць іх можна толькі ў масцы.

zviazda.by