Балгарыя і Латвія прыпыняюць выдачу візаў грамадзянам Расеі



Балгарыя спыняе на нявызначаны тэрмін выдачу расейцам турыстычных візаў і візаў для ўладальнікаў нерухомасці.

Пра гэта паведамляе асацыяцыя тураператараў Расеі. Прычынай такога рашэння стала высылка з Расеі 14 балгарскіх дыпламатаў, пра якую было абвешчана 5 жніўня. У заяве расейскага МЗС гаворыцца, што гэта меры ў адказ на аналагічнае рашэнне Сафіі ў дачыненні да супрацоўнікаў расейскіх дыппрадстаўніцтваў у Балгарыі. Выдачу візаў расейскім грамадзянам таксама прыпыніла Латвія. Адзіным выключэннем можа стаць неабходнасць паездкі на пахаванне блізкага сваяка.

Эстонія 28 ліпеня абвясціла, што спыняе выдаваць грамадзянам Расеі і Беларусі кароткатэрміновыя візы і віды на жыхарства для навучання.