Вакзал у Барысаве



Барысаў – горад на Меншчыне, да якога ехаць гадзіну электрычкай са сталіцы, сустракае цікавым 2-павярховым вакзалам зялёнага колеру.

Імя горада звязанае з імем полацкага князя Барыса Усяслававіча, які паходам праходзіў праз горад яшчэ ў ХІІ стагоддзі і назваў паселішча сваім імем. Горад з цікавай гісторыяй, помнікамі і цікавымі пабудовамі.

Аднак самы першы будынак, які сустракае прыехаўшага ў горад, – гэта вакзал.

Вакзал узвялі яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя. Ён уражвае сваімі цікавымі архітэктурнымі формамі.  Яго гісторыя звязаная з пабудовай у 1871 годзе Маскоўска-Брэсцкай чыгункі, якая праходзіць праз Барысаў.

Паўставанне чыгункі дала штуршок развіццю горада. І ўжо ў лістападзе 1871 года тут курсавалі першыя паравозы. З’явіліся фабрыкі і заводы. Сярод іх найбольш буйнымі былі запалкавыя фабрыкі «Вікторыя» і «Бярэзіна», папяровая фабрыка «Папірус», шкляны завод, некалькі лесапільных заводаў, суднабудаўнічая верф.

Будынак вакзала памаляваны ў ярказялёны колер і з’яўляецца нібы візітоўкай горада.

Плошча пры вакзале нагадвае прывакзальную плошчу ў сталіцы Беларусі Менску сваімі сталінкамі, будынкамі, пабудаванымі ў пачатку 50-х гадоў ХХ стагоддзя. З прывакзальнай плошчы атрымала свой пачатак галоўная вуліца горада – праспект Трубяцкога (цяпер праспект Рэвалюцыі). Спадзяюся прайсціся па вуліцах Барысава наступным разам. Гэтым разам удалося пабываць у Барысаве вельмі каротка – у межах папулярных курсаў “Мова нанова”.

[Not a valid template]

Андрэй Мялешка, Гародня-Барысаў-Гародня

Фота аўтара