Бата – этнаграфічная вёска ў Балгарыі
Калі сабраць у адным месцы некалькі старых сякераў, іржавы ровар, прадзедаўскі тулуп, бабчын калаўрот і стары самагонны апарат, то атрымаецца класічны асартымент лаўкі старэтніка. А вось калі раскласці ўсе гэтыя рэчы ў аўтэнтычных вясковых хатах з пэўнай сістэмай, калі за той калаўрот пасадзіць старую, каля самагоннага апарату паставіць дзядзьку з вядром брагі, а ў тыя хаты запусціць экскурсію з гідам – то гэта будзе ўжо не склад непатрэбных рэчаў, а этнаграфічная вёска, прывабны турыстычны аб’ект.
Балгарская Бата, што непадалёк ад Бургуса, – даволі ўдалы прыклад такой этнаграфічнай вёскі. Гэта не музей ў звыклым нам разуменні: большасць рэчаў можна памацаць рукамі, а некаторыя нават скарыстаць паводле прызначэння. Бата ідэальна адпавядае спрадвечнаму прынцыпу “хлеба і відовішча”, і, пэўна, з гэтай прычыны тая этнаграфічная вёска ці не самы папулярны маршрут у замежных турыстаў.
Хочаш навучыцца прасці на тым жа калаўроце? Калі ласка, старая балгарка, якая спраўна яго круціць, усё пакажа.
Хочаш навучыцца гнаць ракію, аналаг нашай самагонгі? Няма праблемаў: майстар па вытворчасці гэтага выдатнага трунку прадэманструе тэхналагічны працэс і нават падкажа, пад якую страву тую ракію лепш за ўсё ўжываць.
Хочаш навучыцца граць на “гайдзе”, балгарскім аналагу беларускай дуды? Тутэйшы музыка як мінімум раскажа, што гэта за інструмент.
Калі турысты насычаюцца “відовішчамі”, прыходзіць чарга наступнага пункта, то бок “хлеба”. Як і мае ў гасцінных балгараў, сталы накрываюць багата, з некалькімі пераменамі страваў і морам віна. Што, зрэшты, нядзіўна: этнаграфія – не толькі калаўроты і вышыванкі, але і кухня. Але ж відовішча працягваюцца і падчас вячэры. Гасцей частуюць “нацыянальным каларытам”: спевамі, музыкай і танцамі на распаленых вуголлях.
Позна ўвечары аўтобусы развозяць турыстаў па гатэлях. Большасць з іх ад з’едзенага, пабачанага і асабліва ад выпітага выглядае асавелымі. Але ж уражанняў ад Баты стае надоўга – як, зрэшты, і думак для роздумаў. І ці не галоўная думка, напэўна, такая: музей – гэта не экспанаты пад шклом, а тое, што працуе на наведвальнікаў.
[Not a valid template]
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара