Батумі: марскі порт
Калі трапляеш у сталіцу грузінскай Аджарыі Батумі, вялікае ўражанне пакідае марскі порт.

Порт (груз.: ბათუმის საზღვაო პორტი) з´яўляецца буйным марскім портам для разгрузкі кантэйнераў, паромаў і генеральных грузаў у Грузіі. Другі вялікі порт у Грузіі – гэта порт Поці.
Сам Батумскі порт размешчаны ў горадзе – амаль у самым яго цэнтры, на паўднёва-ўсходнім узбярэжжы Чорнага мора. Порт таксама выкарыстоўваецца як буйны транзітны порт для перапрацоўкі нафты ў Казахстане і Азербайджане. Турыстычныя даведнікі пішуць, што «Батумскі порт мае магчымасць задаволіць патрабаванні кліентаў да розных грузаў, судоў і пасажыраў. У порце пяць тэрміналаў: нафтавы тэрмінал, тэрмінал сухагрузаў, кантэйнерны тэрмінал, чыгуначна-паромная пераправа і пасажырскі тэрмінал. Гэтыя тэрміналы абсталяваны адпаведнымі кранамі, што спрыяе своечасовай і якаснай апрацоўцы грузаў і адпавядае патрабаванням кліентаў порта». Гісторыя Батумскага марскога порта бярэ пачатак з часоў Рымскай імперыі, калі ў часы праўлення Адрыяна порт Батумі быў адным з найважнейшых пунктаў рымскай гандлёвай сеткі.

Батумскі порт быў і адрозніваецца сваімі геастратэгічнымі і прыроднымі перавагамі. У прыватнасці, порт размешчаны ў натуральным глыбакаводным месцы, што дазваляе «прыходзіць сюды» суднам вялікага танажу. Таксама не трэба перасякаць канал, каб увайсці ў порт, што вызваляе ўладальніка ад аплаты каналавага збору.
Пры фармаванні сучаснай глабальнай эканамічнай сеткі ў другой палове ХІХ ст. вышэйпералічаныя перавагі прывялі да таго, што порт Батумі з 1878 па 1885 год атрымаў статус «Порта-Франка» (свабодны порт).
Першасным фактарам развіцця горада Батумі і порта была нафта, якая перавозілася чыгуначным транспартам з Баку ў Батумі. Разам з нафтаперапрацоўкай павялічыліся і розныя патрабаванні, што прывяло да паляпшэння інфраструктуры горада. Пра гэта сведчыць той факт, што нафтаправод Баку-Батумі быў пабудаваны ў 1900 годзе. Гэта быў адзін з першых нафтаправодаў у свеце.

Трэба сказаць, порт Батумі даўно вядомы як найважнейшая частка еўразійскага і міжнароднага транспартнага калідора. Сёння Батумскі порт з’яўляецца злучальнай транспартнай лініяй, якая злучае Еўропу з Азіяй і наадварот. Порт злучаны аўтамабільным і чыгуначным транспартам з краінамі Каўказа, Сярэдняй Азіі, Расеі і Турцыі. Недалёка каля порту знаходзіцца чыгуначны вакзал Батумі, так званая цэнтральная станцыя, куды прыходзяць вельмі прыгожыя цягнікі, так званыя «Штадлеры», якімі можна даехаць у розныя бакі Грузіі. Таксама каля порта знаходзіцца рыбны рынак, дзе можна набыць розную рыбу і морапрадукты. Мне вельмі падабаецца гуляць каля порту і назіраць за караблямі і рознымі паромамі, якія прыходзяць сюды амаль штодня.







Андрэй Мялешка, Гародня-Батумі-порт
