Батумі: падарожжа да Нобеляў
У грузінскім Батумі, недалёка ад чыгуначнага вакзала, стаіць цікавы двухпавярховы будынак з вежай. У ім зараз знаходзіцца батумскі тэхналагічны музей братоў Нобелей з даволі разнастайнай экспазіцыя.
Здаецца можа паўстаць пытанне прычым тут Нобель да горада на Чорным моры. Усе ведаюць пра Нобелеўскую прэмію, якая названая ў гонар стваральніка дынаміту Альфрэда Нобеля.
Аднак мала хто ведае, што ў Альфрэда былі яшчэ браты Людвіг і Роберт.
Утрох браты Нобель кіравалі прадпрыемствам па вырабу зброі ў сталіцы Расейскай імперыі Пецярбургу. З мэтай аптымізацыі выдаткаў у 1873 годзе адзін з братоў адправіўся на Каўказ, каб знайсці таннейшую сыравіну, чым замежная драўніна для вырабу ружэйных прыкладаў.
Аднак па прыбыцці ў Баку Роберт Нобель выявіў, што пад зямлёй тут знаходзіцца нафта, а ў горадзе адбываецца „нафтавая ліхаманка”. Таму браты вырашылі заснаваць, тут у Баку, кампанію для здабычы і перапрацоўкі нафты і назвалі яе „Таварыства нафтавай вытворчасці братоў Нобель”.
Калі паўстала важнае пытанне арганізацыі транспарціроўкі, было вырашана ажыццяўляць транзіт праз Грузію. І менавіта ў Батумі, горадзе на Чорным моры, і паўстаў узведзены нафтавы тэрмінал, пачалося будаўніцтва чыгункі „Баку – Тбілісі – Батумі”.
Браты таксама збудавалі „нафтаправод” даўжынёй больш за 800 кіламетраў.
Усе гэтыя тэхнічныя збудаванні былі зроблены на высокім тэхналагічным узроўні таго часу. А праведзены трубаправод з’яўляўся на той момант адным з самых магутных у свеце. Дзякуючы актыўнай дзейнасці братоў Нобель у Батумі, горад стаў развівацца як важны порт.
Сёння памяць аб вынаходствах братоў Нобеляў і іх значным укладзе ў развіццё горада захоўваецца ў тэхналагічным музеі Батумі. Музей быў адкрыты ў 2007 годзе ў доме з вежай, які належаў братам.
Мясцовыя называюць гэты дом – лецішчам братоў Нобелей, дзе яны любілі прыязджаць і адпачываць, калі знаходзіліся ў Батумі.
З 2012 года юрыдычна замацаваны яго афіцыйны статус Нацыянальным камітэтам па захаванні культурнай спадчыны Аджарыі.
Квіток у музей каштуе 6 лары – гэта каля 10 злотых, і ў ім можна пазнаёміцца з экспазіцыяй не толькі на тэму нафты, але і пабачыць на здымках гісторыю гораду, тыя прадпрыемствы, што існавалі тут у ХІХ – ХХ стагоддзях.
Таксама цікавыя стэнды пра гісторыю чайнай справы, якая з’явілася недалёка ад Батумі ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя. Гэтая чайная плантацыя ў Чакві была пасаджаная тут кітайцамі і рэшткі яе захаваліся да сёння. А яшчэ гэты чай з гэтай плантацыі быў вельмі знакамітым у былым СССР пад назваю „грузінскі чай”.
Музейная экспазіцыя таксама распавядае пра друкарскую справу ў пачатку ХХ стагоддзя і тут можна пабачыць друкарскі станок стогадовай даўніны. Шырока прадстаўлены ў экспазіцыі фотаздымкі як канца ХІХ- сярэдзіны ХХ стагоддзя і распавядаецца пра розныя фотаатэлье ў Батумі. Большасць экспанатаў можна патрымаць і так скажам „дакрануцца да гісторыі” рукамі.
Якім задавальненнем я трымаў у руках старыя фотаапараты і паказваў дзіцёнку, як „заводзіць затвор” у старога ФЭДа, альбо „Зеніта”.
Экспазіцыю ў самым музеі прайшлі мы за гадзіну і магчыма яшчэ туды вернемся.
Беларускае Радыё Рацыя, Батумі