Батумі: плошча П’яца



У грузінскім Батумі шмат цікавых месцаў, якія можна наведваць не толькі беларусам, але і ўвогуле еўрапейцам.

Адно з самых цікавых месцаў сталіцы Аджарыі – гэта плошча, пабудаваная ў венецыянскім стылі, якая мае назву на італьянскі манер – Плошча П’яца.

У нібы закрыты квадрат плошчы архітэктар Важа Арбеладзе ўціснуў каля дзесятка будынкаў. Сярод гэтых будынкаў адныя з самых дарагіх гатэляў і рэстаўрацыяў, месцы для правядзення канцэртаў і тэатральных выступаў.

Бадай самай цікавай штодзённай цікавосткай гэтай плошчы з’яўляецца вежавы гадзіннік з якога кожныя тры гадзіны гучыць гімн Грузіі.

Насамрэч, гэтая плошча ў Батумі пабудаваная зусім нядаўна – толькі ў 2009 м годзе, але ствараецца ўражанне, што будынкі стаяць на гэтым месцы ўжо некалькі стагоддзяў.

Для зручнасці турыста, што прыходзіць на гэтую плошчу на ўваходзе ёсць інфармацыя на 4х мовах: па-грузінску, па-ангельску , па-расейску ды па-турэцку. Адразу заўважу, што кава ці віно на гэтай плошчы каштуюць амаль як ува ўсім Батумі, аднак ежа ці нейкія прысмакі будуць каштаваць на адсоткаў 20-30 даражэй.

Канешне, на плошчы можна знайсці і банкаматы, дзе можна зняць з карткі наяўныя лары, каб разлічыцца ў кавярнях ды маленькіх маркетах.

Нагадаю, што курс грузінскага лары на сёння такі: даляр – гэта 3.12 лары, еўра – 3.65. Памяняць валюту можна амаль на кожным кроку без усялякіх камісій. Але курс можа мяняцца – чым бліжэй да мора, тым курс валюты стане меньшым.

Напрыклад, каля самога пляжу курс даляра можа быць 3.05.

У Батумі вельмі прыязна ставяцца да турыстаў і тых людзей, якія застаюцца жыць надоўга. І таму на вуліцах гораду вельмі часта апроч грузінскай мовы, можна пачуць размовы па-расейску, па-ангельску ці нямецку, але заўважу, што за апошні тыдзень гучаць размовы і па-польску і па-беларуску.

Андрэй Мялешка, Гародня-Батумі