Батумі: турызм па-беларуску
Першы пракат турыстычнага рыштунку адкрыў у грузінскім Батумі беларус Станіслаў Шпак. У месцы пад назваю Adjara Peak можна ўзяць у пракат як намёты, спальныя мяшкі, так і іншы рыштунак.
Пра цяжкасці адкрыцця падобнага бізнесу распавядае яго ўладальнік Станіслаў Шпак:
-Тут невялікі падатак на малы бізнес. Але, калі хочаш займацца нечым больш-менш сур’ёзным, падатак тут немалы. Напрыклад, пракат, рыштунак, не падпадае пад малы бізнес. Продаж рыштунку – падпадае. Тут субарэнда – гэта вялікі падатак. Зараз у многіх беларусаў першапачатковая ідэя адкрыць у Батумі каворкінг, не атрымалася правесці каворкінг пад малы бізнес.
Па словах Станіслава, да яго, каб узяць рыштунак, прыходзяць людзі з розных краінаў:
-Розныя нацыянальнасці. Беларусаў заходзіць нашмат менш, чым, напрыклад, рускіх ці ўкраінцаў.
У краме-пракаце, што знаходзіцца ў турыстычным Батумі па адрасе вул. Тбел-Абусерыдзе 38, Станіслаў таксама збірае данаты для ВСУ, і спадзяецца, што з часам да яго будзе прыходзіць шмат беларусаў.
Беларускае Радыё Рацыя, Батумі