Батумі: вядомыя творы вулічнага мастацтва
На перыяд летніх адпачынкаў вялікая колькасць турыстаў наведвае Грузію. А самы вялікі горад на Чорным моры, куды прыязджаюць сотні тысяч турыстаў – гэта сталіца грузінскай Аджарыі – Батумі.
Паглядзець у гэтым горадзе, апроч мора, можна шмат цікавых аб’ектаў. І, зразумела, што ў гэтым горадзе шмат графіці. Творы вулічнага мастацтва ёсць як намаляваныя даўно, так і зусім нядаўна, літаральна год ці два таму.
Першым, і хіба самым знакамітым творам, з’яўляецца графіці, на якім намаляваны «Купата». Гэта неафіцыйны сімвал горада Батумі. «Купата» – гэта мянушка вулічнага сабакі.
Горад Батумі вядомы тым, што па горадзе ходзяць сотні і тысячы бадзяжных сабакаў. Сам твор, на якім намаляваны Купата, з’явіўся ў чэрвені 2020 года недалёка ад цэнтральнага парку – Парку 6-га мая на вуліцы Абашыдзэ.
Пра Купату існавала гарадская легенда, што таго сабакі ўжо даўно няма. Аднак літаральна некалькі тыдняў таму мясцовыя жыхары паказалі мне сабаку, з якога малявалі вулічнае графіці. Сабака жыве амаль у 200 метрах ад месца, дзе намаляванае графіці.
Вялікая колькасць графіці ў горадзе Батумі прысвечана марской тэматыцы: караблі, маракі, юнгі, чайкі, якія лётаюць каля порта. Таксама ёсць маякі і караблі, якія ідуць у іншыя краіны.
На ўзбярэжжы таксама можна пабачыць ў выглядзе графіці і знакамітых людзей.
А пасля пачатку руска-украінскай вайны 2022 году у знак салідарнасці горад Батумі стаў літаральна жоўта-блакітным, і палітычнае графіці літаральна засланіла сцены грузінскага Батумі.
Частку вышэйпералічаных графіці лёгка знайсці, але большасць з іх схавана ў закутках гораду. Спадзяемся, вы іх знойдзеце і папоўніце гэты спіс.
Беларускае Радыё Рацыя