Баявыя малпы Шры-Ланкі
…і тут здарылася страшнае. Пакуль я выцягваў фотаапарат, гэтая паскуда падкралася ззаду і падступна скрала сумку. У сумцы – 240 даляраў, каля 20 000 рупій і, галоўнае, пашпарт. І пабегла ў джунглі.
Першая думка была такой: даганю – заб’ю! Другая: не, не даганю, паскуда ж па дрэвах умее лазіць! Трэцяя думка: відаць, давядзецца заставацца мне тут да самога скону. Беларускай амбасады на Шры-Ланцы няма, і бліжэйшае месца, дзе можна атрымаць дублікат пашпарта – Індыя. Але Індыя краіна візавая, віза ўклейваецца ў пашпарт, а пашпарт разам з сумкай і грашыма скрала гэтай хвастатая істота.
Мяне ўратаваў містар Джозэф – мой сябра-ланкіец, які вазіў мяне па ўсёй выспе. Ён лоўка шпурлянуў ў малпу камянюкай. Зладзейка завішчэла і кінула здабычу…
Здарылася гэтая гісторыя непадалёк Сігірыі – старажытнай сталіцы Шры-Ланкі. Паўтары тысячы гадоў таму там, на вяршыні гары, жыў мясцовы тыран Касапа. Да ўлады ён дапнуўся пасля таго, як забіў бацьку і выгнаў з выспы малодшага брата Магалана. Пакуль Касапа сібарытнічаў з палюбоўніцамі, Магалан збіраў у Індыі войска. Вырашальны закалот адбыўся прыблізна на тым самым месцы, дзе хвастатая зладзейка скрала у мяне сумку. На Шры-Ланцы і пагэтуль вераць, што супраць узурпатара Касапы змагаўся і атрад баявых малпаў, якіх прывёў з сабой Магалан.
Мяркую, менавіта гэта і стала вырашальным фактарам. Бо нават адна малпа можа нарабіць шкоды больш, чым лучнікі на сланах, шабельнікі на конях і закаваныя ў браню пехацінцы, разам узятыя.
[Not a valid template]
Уладзіслаў Ахроменка, Беларуская Радыё Рацыя