Базіліка Максенцыя. Помнік эпохі краху імперскага Рыма
Кожная імперыя напярэдадні краху імкнецца прадэманстраваць усяму свету сацыяльную дынаміку і дзяржаўную веліч.
У ІV стагоддзі Рымская імперыя імкліва кацілася да скону. Імператары мяняліся з калейдаскапічнай хуткасцю, прытым ці не большасць з іх прыходзіла да ўлады праз палацавыя перавароты, і таму лічылася ўзурпатарамі.
Адзін такі ўзурпатар, Марк Валерый Максенцый, вырашыў, што легетымнасці яму надасць пабудова якой-небудзь велічнай спаруды. Так на Рымскім Форуме з’явілася гіганцкая базіліка, названая ягоным іменем.
Цяпер ад тае базілікі засталася частка муроў, скляпенні і цыклапічныя ўломкі калон. Помнік антычнасці няўлоўна нагадвае разбомблены авіацыйны ангар, прытым сучасныя металёвыя канструкцыі з ашмёткамі электрычных дратоў толькі падкрэсліваюць такое падабенства. Каля Базілікі Максенцыя традыцыйна няшмат людзей – у параўнанні з іншымі будынкамі Рымскага Форума. Мажліва, таму, што гіганцкая руіна моцна цісне на псіхіку і спараджае падсвядомае жаданне ўцячы да лаўраў і міртаў.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя
фота аўтара